epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Базарным днём

 

Аднойчы ў выхадны дзень Юлька ўвязалася за мной — паехаць у горад. Спачатку я адгаворваў яе ад такой задумы. Маўляў, будзе яна блізкі свет цягнуцца! І дзеля чаго? Але Юлька была няўмольная.

У райцэнтр прыехалі яшчэ да абеду. Пакуль я вырашаў свае справы, Юлька абабегла амаль усе кіёскі і накупляла цэлую калекцыю каляровых паштовак.

— Хутка свята Кастрычніка,— узрадавана гаварыла яна.— Павіншую ўсіх сваіх і настаўнікаў, і сябровак.

Каб скаратаць час, што заставаўся да адыходу нашага аўтобуса, мы вырашылі схадзіць на базар і крыху патаўчыся сярод людзей. Ступілі за вароты і ажно здзівіліся: колькі тут грузавікоў, вясковага і гарадскога люду! І калі яны паспелі паз’язджацца-пасыходзіцца сюды?

Па левую руку, як акінуць вокам, радамі і ўперамешку стаялі каляровыя вазы і зялёныя грузавікі. У драбінах тых вазоў на саламяных подсцілках ажно стагналі ад нагулянага тлушчу вепрукі, стрыножаныя, мэкалі з непрывычкі крутарогія бараны, у лазовых кашах, што схаваліся ў цяньку пад тымі вазамі, сакаталі куры ды гагаталі гусі. Гаспадары і гаспадыні, перабіваючы адзін аднаго, расхвальвалі кожны свой тавар:

— Свінчо неблагое! За паўцэнак аддам!

— А баранчык! Гля — во які вымахаў!

— Бяры гуску ды на закуску!..

Вазы гаманілі, хваляваліся.

А грузавікі, адкінуўшы заднія барты, паводзілі сябе больш спакойна. Не расхвальвалі тавар, ведалі, што і без тых алёканняў і пахвальбы знойдзецца пакупнік. Прадаўцы кідалі на вагі дарункі калгасных палёў, садоў і фермаў — бульбу і гародніну, садавіну і падсвінкаў,— і яны, хочаш ці не, спакушалі нават самага прыдзірлівага гараджаніна...

Крыху правей ад гэтых машын і вазоў, зачапіўшыся вяроўкамі за штыкеціны плота, спакойна пераміналі духмяны поплаў цялушкі-пярэзімкі, белыя, нібы вылепленыя са снегу, козы. Уся гэтая жыўнасць не на зарэз, а для разводу. І той, хто хацеў завесці сабе гаспадарку, абавязкова падыходзіў, спачатку акідваў вокам гаспадара, затым яго скаціну, а потым пытаўся:

— Якая цана?

— Базавая,— таксама коратка адказваў гаспадар і лез па капшук.

Закурвалі, маўчалі, пускаючы адзін аднаму дым, потым, нібы спахапіўшыся, ударалі па руках, у кішэню лез ужо другі — па грошы,— і разыходзіліся.

А ў гэты час на шырозных лавах-сталах ажно ўгіналіся дошкі ад кашоў брусніцы, сушаных грыбоў, абадранай і абсмаленай да сонечнай жаўцізны птушкі, залацістых брускоў дамашняга масла і шчодрых квадратаў ружаватага, з праслойкай, вясковага сала. Гэты спакуслівы асартымент замыкалі цабэркі і вёдры з мочанай калінай і яблыкамі, салёнымі гуркамі і груздамі.

За тымі сталамі ішлі ўжо дашчаныя паднавесы са свежанінай — баранінай, ялавічынай, свінінай. У белых халатах завіхаліся рубшчыкі, стаялі, упэўненыя ў сабе, маладзіцы, гатовыя кінуць на вагі самы люблівы кавалак...

Базар гаманіў. Адны заходзілі ў гасцінна расчыненыя вароты, другія — выходзілі з іх, несучы сумкі, напакаваныя розным вясковым дабром... І ўсюды — гамонка, няспынная, гарачая.

З непрывычкі ад тае гамонкі рабілася не па сабе, і мы праз якую гадзіну падаліся назад, за вароты.

Юлька ўвесь час, калі хадзілі між базарных радоў, маўчала, а тут не вытрымала:

— Ну і дабра ў людзей! Зроду столькі не бачыла!..


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан