epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Бессмяротны дзед

 

Аднойчы я даведаўся ад Юлькі, што дзеда Нупрэя называюць яшчэ і Бессмяротным. З якой гэта нагоды прыжылося за ім такое прозвішча, Юлька растлумачыць не магла, а запытаць у каго іншага ці ў самога Нупрэя неяк не выпадала. Да таго ж, прызнацца, баяўся пакрыўдзіць старога. Бо, чаго добрага, думаў я, «Бессмяротны дзед» — гэта мянушка. А ў той дзень неяк само сабой сталася, што мы разгаварыліся з Нупрэем, і я ўзяў і асмеліўся:

— А скажы, дзеду, чаму гэта вас Бессмяротным велічаюць?

Нупрэй калупнуў кіем зямлю, нібы разважаючы: адказваць ці не на такое пустое пытанне, а потым сказаў:

— А я, гэтае самае, і ёсць бессмяротны...— Ён зняў з галавы нязменную аблавушку, паклаў на калені, абапёрся на кіёк і, пазіраючы некуды ўбок, пачаў: — У сорак трэцім тое было. Улетку. Хлопцы нашы якраз за маёю хатай немчука аднаго падстрэлілі. Хацелі і бобікаў, паліцаяў, пабіць, але тыя паўцякалі... Дык бобікі прыперліся назаўтра і зграблі ўсю маю сямейку... Павялі, адным словам... І мяне, і маю Марфу, і Ваньку з Лідкай... Лідцы тады гадкоў пяць было...

Нупрэй палез у кішэню па капшук, раскурыў піпку, адкашляўся і нібы спалохана паглядзеў на мяне:

— Адным словам, па сённяшні дзень караю сябе... Мо каб не я, то жылі б і цяпер мае... І Лідка не мучылася б столькі. З паўвярсты адышліся мы тады ад Астраўка, а я вазьмі ды шапні сваім: усё роўна, кажу, канец. Калі ўвойдзем у лясок, рассыпайцеся, кажу, хто куды... А ўвайшлі ў той лясок — толькі паглядаю на сваіх, а скамандаваць не рашаюся... Не, чалавеча, я паміраць не баяўся! Дзетак шкадаваў. І Марфу. Мо, думаю, абыдзецца... Мо, думаю, завядуць у той гарнізон і адпусцяць... А яны...

Кіёк у дзедавых руках стаў уздрыгваць, і Нупрэй, каб не выдаць сябе, зноў прыняўся калупаць ім зямлю.

— А яны,— нібы здалёк пачуўся Нупрэеў голас,— а яны паставілі нас над ровам і пачалі страляць... Спачатку Марфу... Тады пытаюць у мяне: «Дзе парцізаны?» А што я мог сказаць? Маўчу. І ногі нейкія дзеравянныя зрабіліся... Толькі Лідку, помню, прытуляю да сябе...

Па даўно не голенай і запалай Нупрэевай шчацэ скацілася на пясок сляза. Я ўздыхнуў.

— Потым Ваньку майго... І зноў: «Дзе парцізаны?!»

Нупрэй дастаў карычневую хусцінку, выцер твар і дадаў:

— А як нас з Лідкаю стралялі — не ведаю нават. Таўканула толькі, помню, у грудзі, і стала больна...

Юлька сядзела насупраць, у траве, і паглядала то на мяне, то на Нупрэя. Вочы вялікія, спалоханыя, сама сціснулася ў камячок, бы тое птушаня, што яшчэ лятаць не навучылася.

Нупрэй выбіў піпку аб кіёк і загаварыў больш спакойна:

— Бабы з сяла поначы прыйшлі. Каб закапаць, значыць... А мы з Лідкаю — жывыя... Варушыліся... Лідцы тады ў сківіцу папала... Разрыўной... Так і пакутавала да леташняй зімы калекаю...

Я ўспомніў пра нядаўняе вяселле ў Нупрэевай хаце, пра Сашка з Ганначкаю і пацікавіўся:

— А Ганначка? Унучкай даводзіцца?..

— Яна, гэта самае, прыдбаная... З сіроцкага дома Лідка ўзяла...— ледзь чутна адказаў Нупрэй.

Потым, нібы гаворка ішла не пра яго, а пра некага іншага, дадаў:

— А Бессмяротны дзед яшчэ тупае па зямлі... Трэба тупаць...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан