epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Час капусты

 

 

Калі надыходзіць час капусты, у вёсцы пануе незвычайнае ажыўленне. Усё, здаецца, прыходзіць у рух. З гародаў звозяцца і зносяцца ў сенцы і пад павеці хрумсткія качаны і тут жа сартуюцца.

Тыя, што з кулак, пакладуць на самы спод кадушкі, з імі паводзяць сябе асцярожна, нават далікатна. Вялікія галовы можна перакідаць з месца на месца і не баяцца — яны ўсё роўна будуць крышыцца, а тое крышыва перацірацца рукамі і таўкачамі. Таму з імі нават жанкі абыходзяцца даволі вольна, нібыта і не цэняць тое дабро, нібыта яно не іхнімі рукамі вырашчана.

Не паспее суняцца першая хваля ажыўлення, як дзесьці на канцы вёскі народзіцца другая — больш мітуслівая і неспакойная. Бо раптам выяўляецца, што забыліся пра эстэтычны бок справы. Ёсць морква, дык чамусьці няма адпаведнага гатунку яблыкаў. Ёсць тое і другое, дык недзе падзеліся кроп з брусніцай.

А якая гаспадыня пагодзіцца з тым, каб у яе капусту не была ўкроплена ярка-чырвоная ягадзіна ці іншая прыправа? І зноў — бегатня, гамонка, роспыты...

Нарэшце ўсе, здаецца, угаманіліся. Ужо ля платоў даўно павысыхалі вымытыя да васковай жаўцізны кадушкі, а распачынаць тое шаткаванне вёска чамусьці не асмельваецца. Не было ж сігналу! Той сігнал павінна падаць Аборыха — адзіны чалавек, які па толькі ён адной вядомых прыкметах вызначае час, калі без рызыкі і боязі за якасць будучай квашаніны можна брацца за працу.

— Пара, дзеванькі! — з’яўляецца нечакана, звычайна вечарам, і вестка маланкаю аблятае хаты.

Назаўтра ўжо новая хваля разносіцца па вёсцы. На гэты раз бегатню ўсчынаюць мужчыны — адпрошваюцца з работы дахаты, каб, крый бог, не згубіць свайго аўтарытэту ў гэтай складанай сітуацыі. Але праз якую гадзіну яны пачынаюць каяцца ў сваёй паспешлівасці. Варта гаспадару пераступіць парог, як ён адразу разумее: уладу паспела прыбраць да рук жонка. Яна і начальнік табе, і камандзір...

Адзін за адным сыплюцца хутка загады-распараджэнні:

— Мый рукі! Апранай чыстую кашулю! Падвяжы фартух!..

І мые, і апранае, і падвязвае.

А потым становіцца да балеі і ўпрагаецца ў шаткаўніцу.

Вось і Юльчына маці ачышчае ад ліста-зелянца качаны, разразае на чатыры часткі і грувасціць беласнежныя брускі на стол. Цэлая гара брускоў! Яны нават і парыпваюць так, як першы сняжок — хрумсь-хрумсь!..

Застаецца толькі складаць тыя брускі ў скрыначку шаткаўніцы і шморгаць ёю сюды-туды.

Шах, шах, шах!

Цяпер можна крыху размяцца. Пакуль укрыецца днішча кадушкі маленькімі качанамі, пакуль выграбаецца з балеі шаткованка, час ідзе весялей. А потым зноў тое самае: шах, шах, шах!..

І так ледзь не да поўначы, пакуль не пачуецца выратавальная каманда:

— Досыць! Кадушка паўнюткая!..

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан