epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Чырвоныя рукавічкі

 

 

Юлька толькі што вярнулася са школы, адагрэла ля грубкі азяблыя рукі, перакусіла збольшага і села за падручнікі. Задача выдалася непадатлівай, але Юлька ўсё ж адолела яе. Хацела ўжо было брацца за чытанку, як у сенцах пачаў прасіцца кот. Юлька паднялася, прачыніла дзверы і, калі разам з белымі клубамі пары цераз парог кульнуўся Мікіта, незлабліва, як звычайна ў такіх выпадках маці, сказала:

— Ух, валацужнік!..

Калі па-шчырасці,— Юлька яго недалюблівала. За ляноту. Вось і сёння Мікіта швэндаўся недзе па возеры, палонкі правяраў, а каб мышэй папільнаваць у каморы — дык не! Хацела спачатку паўшчуваць ката за гэта, ды раздумала — усё роўна не зразумее. А Мікіта толькі бліснуў зялёнымі вачыма, сігануў на прыпечак, разлёгся ў цяпле і, рады такой выгодзе, пачаў драмаць.

Юлька незадаволена паглядзела на яго, зноў абазвала валацужнікам і падумала пра Альму: а яна недзе ляжыць пад паветкаю, на марозе, і не просіцца ў хату... Юльцы зрабілася шкада яе, адклала чытанку, дастала з-за коміна валёнкі, уступілася ў іх, накінула на плечы старэнькі матчын кажушок і выбегла на мароз.

...Альма першая пераступіла парог і асцярожна пайшла да грубкі — нібы баялася наслядзіць. Але сляды ўсё ж засталіся ляжаць на падлозе цёмнымі плямамі. Юлька распранулася, закінула за комін валёнкі, узяла анучку, выцерла і свае сляды, і Альміны, зноў умасцілася на табурэтку і сказала:

— Пагрэйся, Альмачка, а я крыху пачытаю...

Толькі чамусьці не чыталася. Думалася ўсё пра Альму. Пра завіруху-завею, што пачынае завываць за акном. Пра тое, як тая завея штоноч не дае спакою Альме. Мо з гэтай прычыны Альма і злуецца на Мікіту. Вось і цяпер яна, лежачы ля грубкі, толькі робіць выгляд, што не звяртае на ката ўвагі. А паспрабуй саскоч ён з прыпечка!..

Юльцы хочацца, каб доўга яшчэ не прыходзіла з працы маці, каб Альма паляжала ў цяпле — адагрэлася. Бо калі маці прыйдзе, то абавязкова возьмецца за венік... І давядзецца тады Альме да раніцы гібець пад паветкай...

Можна было б ужо запаліць і святло, але ў прыцемках сядзець гэтак добра! Юлька глядзіць на пасінелую шыбіну і на хвіліну забываецца і пра Мікіту, і пра Альму, і пра тое, што перад ёю ляжыць чытанка... А там, за акном, гуляе завейка. Яна то пакруціцца ля плота, то прыпадзе да шыбіны — нібы таксама просіцца ў хату... А потым Юлька нечакана заўважае: нехта пачынае на шкле маляваць кветкі. Яны вырастаюць адна за другой, прыгожыя, нібы з казкі. Рупіць Юльцы дакрануцца да гэтага дзіва рукою, але не асмельваецца.

Нечакана ў сенцах пачуўся тупат. Юлька здагадалася: гэта маці абівае з валёнак снег. Хацела было падхапіцца, уключыць святло, але адчыніліся дзверы, у хату ўвайшла маці і апярэдзіла Юльку — пстрыкнула ўключальнікам. У яркім святле Юлька ўбачыла памаладзелую — ад марозу — маці і чамусьці ўзрадавалася такому. А тая ішла ўжо да стала і весела гаварыла:

— Зачакалася, дачушка?.. А я па дарозе заскочыла ў магазін. Рукавічкі табе новыя купіла... Чырвоненькія...

І яна паклала перад Юлькай пакуначак.

Юлька разгарнула паперу, дастала абнову і надзела спачатку адну рукавічку, потым другую. Рукавічкі сядзелі як улітыя, і Юлька ўсміхнулася такой выгодзе. Нават Альма не вытрымала, падышла, панюхала чырвоную рукавічку і, задаволеная, замахала хвастом.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан