epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Да Фількі ў госці

 

Каб трапіць у Чорны лес, дзе, як сцвярджала Юлька, жыве яе Філька, трэба спачатку сцяжынкаю выбрацца на лясную дарогу, што вядзе ажно да Жукава поля, павярнуць направа, мінуць масток і хвілін дзесяць пратэпаць не так ужо ўбітым шляхам. Але, нягледзячы на гэта, Юлька выдатна арыентавалася.

— А я тут, як у гародчыку! — пахвалілася яна.— Ніколечкі не зблукаю!..

Сонца ўжо адыходзіла на спачын, і толькі макаўкі дрэў купаліся ў яго апошніх промнях. У Чорным лесе было волка. Пакуль збіралі сучча і раскладалі агонь, сонца зусім села — нават на самым высокім дубе не відаць было ні промня. Прыцемкі таксама доўга не трымаліся. Яны паблукалі пад дрэвамі колькі хвілін і пачалі саступаць месца цемры. Вось яна ўжо канчаткова апусцілася на дол, спавіла спачатку кусты, потым і дрэвы і нібы затаілася, нібы прыслухоўвалася да нечага.

А ля нашага невялічкага вогнішча бруіла жыццё. Спачатку з’явіліся тры ці чатыры начніцы і замітусіліся ў дрыготкім святле. Потым аднекуль прыляцеў іх цэлы рой — белых, жоўтых, карычняватых — і пачаў над агнём свой казачны танец. Наўкол стаяла такая цішыня, што здавалася, у паветры чуцён быў шоргат іх крыльцаў.

Юлька сядзіць побач.

— І дзе ж той Філька падзеўся? Няўжо не акажацца?..

Я паглядаю на Юльку і нечакана пытаюся:

— А мо ўвогуле няма твайго Фількі? Мо ты прыдумала яго?

— Не,— адказвае Юлька.— Я сама летась яго сюды прынесла. Дастала з клеткі, што ў школьным жывым кутку вісела... Настаўніца на мяне потым сварылася дужа... А калі нядаўна з таткам ішлі з сенкавання, Філька разы са два гукнуў мне...

Нечакана ў лістоце суседняга дрэва нехта залапатаў крыламі, і пачулася глухаватае, але даволі пагрозлівае:

— Ух-гу!..

Юлька кранула мяне за рукаў і прашаптала:

— Філька прачнуўся...

Якраз у гэтую хвіліну ад балота даляцелі да нас яшчэ нейкія незразумелыя гукі:

— Буль-буль-буль! Буль-бу-у!..

Юлька зноў кранула мяне за рукаў:

— Бык вадзяны... Ён заўсёды дражніцца з Фількам. Стаіць па калені ў вадзе і дражніцца... А Філька яго ой як не любіць!..

І сапраўды. Толькі перастала булькатаць, як зноў азваўся Філька:

— Ух-гу! Ух-гу!..

А вадзяны бык сваё:

— Буль-буль-бу!

— Нібы дзюбу палошча,— засмяялася Юлька.— Прапалошча і бульбы папросіць... Прапалошча — і зноў папросіць... Але ён так сабе — дражніцца!..

— Ух-гу! — нібы пацвердзіў Юльчыны словы Філька.

Раптам нехта зарагатаў:

— О-хо-хо!..

Рэха падхапіла гэты рогат і пакаціла з верхавіны на верхавіну — ажно туды, за Дзікае балота, дзе, як Юлька пераконвала мяне, і жыў той вадзяны бык.

— Лесавік! — насцярожылася Юлька.— Але ты не бойся! Ён — добры. Ён толькі палохае. Гэта п’янага Абору ён аднойчы павадзіў ажно да раніцы... Абора казаў, што рука ў яго халодная-халодная і барада вялізная...

Юлька ўвайшла ў сваю ролю канчаткова. І мне не хацелася перашкаджаць ёй. Толькі, успомніўшы першы дзень нашага знаёмства, запытаўся:

— Скажы, Юлька, а ці бачыла ты ўсё ж тую русалку?

— Бачыла,— зусім сур’ёзна адказала Юлька.— Яна ў той вечар ля вірка стаяла... І грабянцом белым расчэсвала косы...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан