Якое падабенства між імі!
Ёсць гонкія, нібы выпеставаныя. Ёсць і так сабе.
А ёсць і гэткія, нібы ўвесь час нясуць на сабе нялёгкую ношку жыцця. Чамусьці да апошніх хілюся са шчырай павагай і заўсёды шапку гатоў зняць перад іх лёсам...
Неяк давялося забрысці ў мясціну, дзе астраўчане штогод спраўляюць святочныя гулянні. Стаяў на высокім беразе, глядзеў на вымытыя сонцам сосны і, прызнацца, адчуваў сябе, нібы на спектаклі, дзе і дэкарацыя, і думкі, і героі — прылізаныя. Таму, можа, больш ніколі не хадзіў туды.
А калі адвячоркам выпадала вольная часіна, ішоў да бярозы, што на самай прыазёрнай кручы, якраз насупраць калгаснай канторы. Садзіўся крыху воддаль і моўчкі глядзеў на яе бог ведае чым і калі пакалечаны камель, на крывыя, вузлаватыя, з іржавым накіпам галіны. Часам на верхавіну бярозы прылятала аднекуль зязюля і пачынала лічыць ёй гады.
Прыбягала сюды і Юлька, нячутна садзілася побач.
А зязюля ўсё лічыла і лічыла...
У такія хвіліны Юльцы, мабыць, таксама добра думалася. Ці мо ўспаміналіся расказы бацькі-партызана пра тое, даўняе, трывожнае, што некалі было на гэтай зямлі. Хто ведае...
На вулічных слупах запальвалася святло, і ад помніка над брацкай магілай да падножжа бярозы падаў трапяткі цень.
Мы падымаліся і моўчкі ішлі дадому.
А на зямлю асцярожна апускалася чуйная ноч...