epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Гарачым поўднем

 

 

Маці стаіць на парозе і гукае:

— Юлька! Дзе ты падзелася, Юлька?!

Юлька ляжыць на самым вільчыку страхі, чуе, што кліча яе маці, але не падае голасу — дужа не хочацца пакідаць аблюбаванага месца. А маці зноў гукае, толькі цяпер больш патрабавальна:

— Юль-ка-а!.. Я ж табе!..

Юлька саслізгвае з хлеўчука ў лебяду, выбягае на падворак, на хаду атрасаючы з плацейка саламяныя асцюкі, і падыходзіць да маці.

— Зноў на сваёй верхатуры была? — ужо незлабліва пытаецца маці ў Юлькі і дадае: — Аднясі бацьку полудзень...

Юлька нехаця бярэ з матчыных рук важкую авоську і выходзіць за веснічкі.

Пясок на вуліцы, як прысак, і Юлька скіроўвае на сцежку, што віецца ля платоў пругкай, адшліфаванай стужкай. На сцежцы няма такой гарачыні, і нагам робіцца добра. Але побач з платамі Юлька адчувае сябе маленькай-маленькай, і ёй становіцца крыўдна. На хлеўчуку вальней і лепш. Адтуль, зверху, і бачна далей, і ўсё здаецца цікавейшым. Там Юлька — нібы гаспадыня ўсяго гэтага...

Варта ёй захацець, і можа хоць гадзіну глядзець, што робіцца на Арсенавым падворку, як заходзяць туды чужыя дзядзькі і Арсен выдае ім вёслы... Юлька ў такія хвіліны чамусьці спачувае Арсену. Дзядзькі паедуць катацца ці рыбаліць на тых лодках, а яму — сядзі ды смажся на сонцы. Бо нельга адлучацца. Яму трэба заўсёды быць пад рукою...

Куды цікавей глядзець на вуліцу. Са страхі добра відаць ажно да калгаснай канторы. І крама добра відаць. Юлька, лежачы на вільчыку, любіць адгадваць, па якія пакупкі ідуць у краму людзі, і робіць гэта амаль беспамылкова. Але што датычыць прыезджых, дык яна часцей за ўсё памыляецца. Спыніцца якая машына, выйдзе з яе некалькі дзядзькоў або цётак, і паспрабуй адгадай, што надумалі яны ўзяць у той краме. Да таго ж выходзяць адтуль не з авоськамі, а з пакункамі.

Ці згледзіш, што загорнута ў паперу?

Каб не дакараць сябе за такое няўмельства, Юлька перастае цікаваць за пакупнікамі, адварочваецца і глядзіць на Нупрэева дворышча. Бліжні край таго дворышча засланяюць прысады, затое астатняя частка — як на далоні. І буслянка — як на далоні. Здаецца, працягні руку і дакранешся да бусліхі. Яна сядзіць на гняздзе, уторкнуўшы пад крыло чырвоную дзюбу, і дрэмле. Прачынаецца толькі тады, калі прылятае бусел і становіцца на ўскрайку гнязда...

Але глядзець на тую санлівую бусліху таксама надакучвае. І тады Юлька пераварочваецца на спіну: у небе навыперадкі бягуць белыя аблокі...

А сёння Юлька не паспела наглядзецца ні на вуліцу, ні на буслоў, ні на неба. Не паспела налюбавацца тымі белымі аблокамі-баранчыкамі. Але яна яшчэ нагледзіцца...

Вось ужо і кузня відаць.

Юлька на хаду папраўляе авоську і прыбаўляе кроку.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан