epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Глушэц

 

 

Аднаго дня Юлька некуды знікла. Я ўжо і вуды сабраў, і насядзеўся на прызбе ў чаканні свае напарніцы, а яе ўсё не было і не было.

На раку давялося ісці аднаму. Знаёмая сцежка прывяла да таго вірка, дзе некалі з Юлькай пільнавалі русалку, і я, выбраўшы зручнае месца, прымасціўся на купіне. Паўдня правёў у адзіноце. Ужо было хацеў браць кірунак назад, у вёску, як заўважыў: напрасткі, размахваючы белай хусцінкаю, да ракі бегла Юлька. Спынілася ля мяне і адразу, не то дакараючы, не то апраўдваючыся, сказала:

— А ў мяне глушэц ёсць...

Глушэц? У гэтых мясцінах даўно звяліся глушцы! Тую птушку не ўбачыш нават вясною, на такавішчах. А тут — на табе! — глушэц, і ніякіх пярэчанняў... Я адчуваў, што Юлька вырашыла адкрыць перада мною яшчэ адну старонку свайго таямнічага свету, і запытаўся:

— А пакажаш?

— Хадзем! — узрадавалася Юлька, узмахнула хусцінкай і пабегла па лузе.

Яна лёгенька, як той матылёк, пералятала з купіны на купіну, прыпынялася, чакаючы мяне, і зноў ляцела да лесу... Перасеклі дарогу і ўвайшлі ў гушчар. Юлька адразу неяк сцішылася, ступала асцярожна, быццам баялася патрывожыць некранутую цішыню. А калі выбраліся на даволі шырокую прагаліну, дзе болей было і сонца, і паветра, спынілася:

— Глядзі!

Я зірнуў у той бок, куды паказвала Юлька, і ажно здзівіўся: на сасновым суку, метры за два ад зямлі, сапраўды сядзеў глушэц. У промнях сонца ён адліваў антрацытам і, здавалася, цікаўна паглядаў на нас. Юлька ўзяла мяне за руку, завяла на другі бок, спынілася і яшчэ раз сказала:

— Глядзі!..

І праўда! Ну, выкапаны — глушэц! І хоць ужо было зразумела, адкуль узялася тая птушка — крыху воддаль ад сасны чарнела старое вогнішча з карчамі-недагаркамі,— я не падаў выгляду, а толькі сказаў:

— Дык, можа, дамоў яго забярэш?

— Не, тут яму лепш! — раздумліва адказала Юлька.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан