epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Камень

Цэлы век ляжаў ён тут, у вёсцы. І сцены хаты надзейна абапіраліся на яго плечы. А ён знаходзіў сілы, каб не рассыпацца пад гэтым цяжарам, каб захаваць мірны спакой жыхароў. І ці не таму на яго плячах з’явіліся сінія падцёкі мазалёў, а цела пранізала вузлаватае сухажылле?

Але нядаўна гаспадар прывёў незнаёмых людзей, і тыя разбурылі старую хату, а каменю сказалі:

— Саступі месца бетону!

Ачапілі яго тросам і трактарам зацягнулі на выган:

— Ляжы!

І лёг ён у маўклівай крыўдзе. Ад нялёгкіх старэчых думак яшчэ больш выступіла маршчын... Ды аднойчы бяссоннай ноччу пачаў ён кроплю за кропляй збіраць празрыстую, як сляза, расу. І калі на світанні прыляцела сюды белагрудая весялуха-пліска, моўчкі аддаў ён дарагое пітво...

І каменю здалося, што ён усё-такі шчаслівы.


1964?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан