epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Касачы

Яшчэ і не думалася брацца на досвітак, як разбудзіў мяне бацька.

Усхапіўся з ложка і, успомніўшы сваю ўчарашнюю просьбу, борздзенька нацягнуў нагавіцы і «ўтапіўся» ў старых ялавых ботах, што ўсю ноч сушыліся за комінам.

Маці сказала:

— З пустымі рукамі — ні на парог!..

— Як пашчасціць! — усміхнуўся бацька і ўзяўся за дубальтоўку.

Мы ішлі спачатку загуменнем, потым звярнулі ў лагчыну, што парасла за сялом рэдкім ядлоўцам, перасеклі гонкі сасоннік, у вершалінах якога спакойна гойдаўся, нібы човен на прывязі, маладзік, прайшлі куп’істае балотца, прыхопленае начным прымаразкам і, нарэшце, нырнулі ў бярозавы гушчар. Блеклае святло маладзіка то там, то тут успыхвала сярод белых камлёў і нясмела гарэла на кончыку дубальтоўкі...

Зашыўшыся ў стары будан, пачалі чакаць раніцы.

— Ты паглядзі, што робіцца! — таркануў мяне бацька.

Я схамянуўся і пачаў узірацца праз акенца будана. А бацька ажно не знаходзіў месца:

— Не раўнуючы, галавешкі! — чуўся яго стрыманы шэпт.— З адлівам...

Сапраўды, на ружовай ад першых промняў паляне, растапырыўшы крылы, перабягалі на сушэйшае месца касачы.

— Ажно стогнуць! — не стрымліваецца бацька.

Непадалёку спыніліся два касачы. І пачалі паступаць адзін на аднаго, распушыўшы хвасты, сярдзіта дзерлі лапамі леташнюю злёглую траву.

— Чхы-чхы-цюрр! — нібы драў хто сухую лучыну.

— І трэ так раз’ярыцца! — забыўшыся пра дубальтоўку, кажа сам сабе бацька і здымае шапку.— Ну, каторы з вас? Ну!.. Ах!..

Ён узмахвае рукою, хоча пляснуць сабе па калену, але стрымліваецца.

— Ах, ядры вас!..— толькі выдыхае бацька.

А яны ўжо ажно падскоквалі, выцягнуўшы доўгія шыі, палохалі адзін аднаго. А потым забілі па зямлі крыламі і пачалі дражніцца:

— Фар-сун!

— Ффарр-сун!..

— Ой, каб вас немач! — смяюцца бацькавы вочы, і я бачу, як наліваюцца яны цеплынёй. А касачы, пэўна, зразумеўшы, што ні ўзаемныя пагрозы, ні тое абразлівае «фар-сун!» не зменяць становішча, вырашылі рызыкнуць на большае. Крок — і пучок травы ляціць у паветра... Крок — і жменя пяску ўзлятае над такавішчам... Вось яны зусім блізка... Топчуцца... У нерашучасці... І раптам — схапіліся за дзюбы. І замерлі. У роздуме...

Мне відно, як паліліся гарачай крывёю надброўі птушак, і хочацца закрычаць. Але голас прапаў, як у сне. Толькі ў здзіўленні варушу губамі...

— Ах, камар цябе закалі! — вылаяўся бацька і расшпіліў гузік на каўняры.

Касач, што быў па правую руку, раптам пацягнуў на сябе саперніка, падскочыў і што сілы ўдарыў яму ў грудзі вострымі лапамі. І той зразумеў, што тут не вельмі пацягаешся, адбегся і, фыркнуўшы ў роспачы «фар-сун!», залапатаў крыламі ў бок сасонніку.

І тады прыляцела аднекуль і ўпала ў траву сяброўка. На многа меншая і не такая фанабэрыстая. Касач-пераможца патаптаўся крыху і, горды, павёў яе ў бліжні бярэзнік.

Там, на купаўі, былі яшчэ леташнія журавіны...


1973?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан