epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Лясная казка

 

 

Тут кожнае дрэва прызапасіла сюрпрыз.

Не-не ды і выйдзе з-пад дубка насустрач самавіты, у карычневым капелюшы, гномік-баравічок. Ён колькі дзён шукаў гэтай сустрэчы! І радуецца, нецярпліва парыпвае крамянай ножкай...

Падасінавік паводзіць сябе чамусьці сарамліва. Стане на леташнім лісці, у цяньку, і, чырванеючы, чакае: калі ты прыйдзеш, чалавеча?

А падбярозавікі — наадварот. Мітусяцца ў ломкай нізкарослай траве, пакуль не выстраяцца ў рад. Тады толькі пазіраюць на прышэльца, зухавата заламаўшы свае барэцікі...

Выбегуць на сцежку лісічкі-сястрычкі. Сабяруцца табунком і будуць аб нечым шаптацца... Яны — непаседы. На іх можна наткнуцца і ў сасонніку, і ў дубняку, і ў бярэзніку, і ў асінніку...

Затое грузды ў гэтых мясцінах любяць, як ніхто болей, цяністыя лагчынкі. Яны, тыя грузды, надзвычай гасцінныя. Кожны абавязкова прапануе сподачак, поўны духмянай халоднай расы...

І толькі рыжыкі не выбегуць на сустрэчу. Яны недзе там, на сакавітых балацінках, водзяць у гэты час казачныя карагоды...

Ты ведаеш пра іх клопат і не крыўдуеш.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан