epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Лясныя манахі

 

Гавораць, некалі яны таксама жылі побач з людзьмі — майстравалі сваё жытло на страсе хаты або хлява і кожную раніцу вясёлым клёкатам будзілі вясковых пастушкоў. Радаваліся такому суседству і дзеці, і старыя... І людзі кожную вясну сустракалі іх з далёкага выраю, як самых дарагіх і блізкіх.

Але, кажуць, у вёсцы аднойчы пасяліўся злы, нядобры чалавек. Яму было ўсё не так, усё не гэтак. Не мог цярпець ён і буслінага клёкату. Каб пазбавіцца яго, палез на хату і разбурыў гняздо.

Доўга кружылі ў той дзень птушкі над непрыветнай хатай. Потым паляцелі ў лясныя нетры, дзе не было ні вёсак, ні людзей, і прымасціліся на высозным дубе. Калі ўзышло сонца, птушак было не пазнаць. Ад крыўды і несправядлівасці яны ажно счарнелі...

Потым на тым дубе яны пабудавалі сабе новае жытло.

А потым з’явіліся і бусляняты. Надзвычай даверлівыя. І бялюткія... Але калі падраслі і даведаліся ад бацькоў пра тую вялікую крыўду — таксама апранулі жалобнае адзенне...

Так і паляцелі яны, чорныя, у далёкі вырай.

А вясною вярнуліся.

Толькі не ў вёску, а ў пушчу...

І хоць таго нядобрага чалавека даўно няма, птушкі ніяк не могуць забыцца пра сваю крыўду і кожны год стараной аблятаюць людскія паселішчы...

Праўда, іншы раз чорны бусел надвячоркам прылятае да возера, заходзіць у цёплую ваду па калені і нібы з тугою пазірае на стрэхі хат.

У такія хвіліны Юлька ідзе на поплаў, садзіцца ў траву і доўга глядзіць на чорнага бусла — ляснога манаха. Пакуль той не падымецца на крыло і не возьме кірунак туды, у лясную глухмень — далей ад людскога вока. Тады Юлька вяртаецца дадому, дастае з-за бэлькі запаветную траву зуброўку і, памятаючы Нупрэеву параду, крадком разносіць па тутэйшых сялібах.

...Каб такога болей не паўтарылася тут.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан