epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Ліхтарыкі

 

Аднойчы вечарам Нупрэй прынёс Юльцы светлячкоў. Юлька абрадавалася такому незвычайнаму падарунку, узяла шкляны слоік, паклала іх туды і доўга пазірала, як светлячкі там пераміргваліся.

Раніцай Юлька хацела яшчэ раз пахваліцца мне сваім багаццем, але калі дастала з-пад ложка слоік, у ім не было ніводнага светлячка.

— Мікіта паеў! — выказала меркаванне Юлька.— Няўжо Мікіта?..

Дзяўчынка хацела ўхапіць венік, адлупцаваць ката за такое нахабства, але і Мікіта, і венік недзе падзеліся. Яна ў роспачы села на канапу і ледзь не заплакала.

— Во дзівачка! — пачала ўшчуваць яе маці.— Нейкую казяўку шкадуе... А што з тых казявак?..

— Гэта не казяўкі, а ліхтарыкі! — не пагадзілася Юлька, пакрыўджана глянула на маці і выбегла з хаты.

Доўга не вярталася Юлька. І маці не трывожылася — такой бяды!

А калі вечарам з-за лесу нечакана выплыла чорная хмара і павісла над самай вёскай, занепакоілася:

— Навальніца ідзе, а дзеўчына гойсае недзе...

Не было Юлькі і тады, калі над выганам бліснула маланка і ўдарыў пярун. Не з’явілася дзяўчынка, калі з неба лінула як з вядра і зрабілася зусім цёмна.

Цемру ўсё часцей і часцей разрывала бліскавіца, хата ажно ўздрыгвала ад грымот, а Юлькі ўсё не было.

— Ну і дзеўчына! — злавалася маці.— Я ёй пагойсаю! Няхай толькі прыйдзе!..

А калі Юлька нарэшце з’явілася, маці толькі пляснула ў далоні:

— А дачушка мая! Ты ж уся макруткая!..

А тая стаяла пасярод хаты і ўсміхалася.

На мокрай Юльчынай далоні варушыліся тры маленькія светлячкі.

Тры жывыя ліхтарыкі...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан