epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Палоннікі

 

 

Нешта з тыдзень гуляла завіруха. Калі наўкол, дзе толькі магла, намяла гурбы снегу, нечакана апамяталася і нібы спахапілася: а што гэта я нарабіла тут?

Юлька таксама здзіўлялася паводзінам зімы і, як усё ўгаманілася, пачала прыводзіць у парадак падворак — расчышчала сцежкі да хлява, пограба і калодзежа. У той нядзельны дзень да абеду не пераставала махаць шуфлем, а потым, калі падворак набыў належны выгляд, уздумала пабегчы ў лес — паглядзець, што там сталася.

Лес быў насцярожаны. У яго прыціхлым пошуме згадваліся і здзіўленне да ўсяго таго, што нядаўна было, і нібы недавер да сённяшняга. Нясмела распраўлялі плечы яліны. Ківалі галовамі высозныя сосны. І толькі дубы стаялі спакойна, з усведамленнем свае моцы.

Ногі час ад часу правальваліся ў глыбокі снег, але Юлька выбірала не так занесеныя мясціны і крочыла далей. Яна ўжо не спадзявалася ўбачыць ні якога звярка, ні якую птушку. Столькі прайшла, а ніхто ні голасу не падаў, ні следу не пакінуў!.. Усё нібы пагінула, нібы вымерла за тыя завейныя дні. «Ну і няхай! — вырашыла Юлька.— Праз дзень-два ачомаюцца!»

Вярталася дадому берагам рачулкі, што брала свой пачатак з лясной крыніцы. Рачулку нават і цяпер не прыхапілі маразы — нястомна бруіла і бруіла між белых берагоў. І толькі непадалёку таго месца, дзе ўпадала ў возера, бег яе амаль спыняўся, а над паверхняю вады стаяла пара.

Раптам адтуль, нарабіўшы плёскату і лопату, узнялася белая чарада вялізных птушак, зрабіла круг і села на процілеглым беразе.

Юлька ў здзіўленні спынілася. Лебедзі? Адкуль яны? І зімою? Тое, што ўлетку на возеры, за Выспай, жыла сям’я гэтых птушак, яна ведала, але сустрэць іх тут, амаль побач з вёскай, сярод снягоў, не чакала.

Абышла тое месца, адкуль падняліся птушкі, агледзела бераг і неглыбокае рачное дно. На кромцы лёду былі даўнія птушыныя сляды, а дно старанна вычышчана ад расліннасці. «Голад не цётка!» — сама сабе сказала Юлька і пайшла ў вёску. Пад вечар яна зноў з’явілася тут і высыпала ў рачулку торбачку варанай бульбы.

З таго дня для Юлькі пачаліся новыя турботы. Перад тым як ісці ў школу, яна набірала ў торбачку яшчэ звечара адвараную бульбу і знаёмай сцежкай кіравала туды, дзе, ведала, чакала яе ажно пятнаццаць белых палоннікаў. Птушкі ўжо не палохаліся, а толькі на ўсялякі выпадак адплывалі ад берага і пазіралі, калі Юлька нарэшце высыпле тую бульбу...

Перад Новым годам нечакана зноў ударылі маразы, і ў Юлькі прыбавілася турбот. Каля сотні крыжанак таксама знайшло на рэчцы прытулак. Юлька паглядала, як сярод той шэрай чарады на правах гаспадароў плавалі лебедзі, і радавалася: нічога, жывіце! Хопіць усім і месца, і корму!

Так прайшлі снежань, студзень, люты. А калі ў сакавіку падзьмулі з поўдня цяплейшыя вятры і на возеры пачаў чарнець лёд, першыя пакінулі сваё прыстанішча няўрымслівыя крыжанкі. Павесялелі і лебедзі — сустракалі Юльку бадзёрымі ўскрыкамі, але развітвацца з прыветнай мясцінай яшчэ не адважваліся.

Нарэшце і з імі надышоў час ростані. У тую раніцу надзвычай ярка свяціла сонца. Лебедзі з горда ўзнятымі галовамі плавалі ў рацэ і аб нечым ажыўлена гаманілі. Яны счакалі, пакуль Юлька высыпле з торбачкі сняданак, падплылі да таго месца і пачалі сілкавацца. Потым раптоўна, нібы згаварыўшыся, падняліся на крыло. Зрабілі адзін круг, другі, набіраючы вышыню, і ўзялі кірунак на сінія лясы.

А Юлька яшчэ доўга стаяла на беразе і ўсё глядзела ўслед птушкам...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан