epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Памяць

 

Войны заўсёды пакідалі пасля сябе нядобрыя сляды. Яшчэ і цяпер на зямлі сустрэнеш руіны старажытных замкаў...

Тут таксама ёсць сляды далёкіх бітваў.

Аднойчы, гэта ўжо было пасля нашага падарожжа за сінія лясы, мы ішлі дадому сасновым борам, а на шляху раптам павырасталі курганкі. Адны большыя, нібы пагоркі, другія меншыя — у рост чалавека. Я пацікавіўся:

— Што гэта?

— Ат! — грэбліва адказала Юлька.— Прыхадні-французы ляжаць!..

Дык вось тут што! Вось дзе яны знайшлі апошняе сваё прыстанішча! Ляжаць, забытыя і людзьмі, і часам!.. І варта было ісці сюды!

— А там вунь магілка Макара-воіна! — у роздуме прамовіла Юлька.

Калі выбраліся на лясную дарогу, я заўважыў у некалькіх кроках ад яе невялічкую, але дагледжаную магілку. Хто быў гэты Макар-воін, якога роду-племені, Юлька не магла адказаць. Адно ведала: мужны чалавек быў той Макар-воін...

Юлька нарвала лясных званочкаў і паклала на магілу Макара-воіна.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан