epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Пчаліны пастух

 

 

— Быў ён зусім яшчэ малады, калі грымнула вайна,— пачаў старшыня.— І пайшоў хлопец туды, куды ішлі ўсе нашы — ваяваць. Трапіў аднойчы ў такі бой, што сябры ледзь жывога выцягнулі. Пакрамсанага асколкамі. І, як рэшата, прадзіраўленага кулямі... Дактары так-сяк склеілі. Сшылі чалавека. І ў рэшце рэшт паставілі на ногі.

Але трымаць сякеру ці ручку плуга ён ужо не мог. Трэба было займацца нечым іншым. І рашыў ён прыдбаць сабе пчаліную сям’ю. Тая сям’я праз год-два дала пасынкі і дапамагла ўзбіцца на жытло. Пабудаваў чалавек сабе не харомы. Звычайную хаціну пабудаваў. Але акуратненькую і прыгожую.

У той хацінцы можна было ўжо спакойна каратаць сваю адзіноту.

Суседзі спачувалі яму. І, хаця тыя пасляваенныя гады не дужа шчыравалі хлебам, дзяліліся з ім і акрайцам, і бульбінай.

А ён аддзячваў ім толькі звычайным пчаліным мёдам...

Бывала, ляжыць на сваёй пасецы чалавек, пасе тых пчол, а сэрца ажно заходзіцца: не можа большым адплаціць за чалавечую дабрыню. Прыбяжыць вясковая дзятва, пасядзе кружочкам, а ён і пачынае расказваць то пра колішняе жыццё-быццё, то пра тую праклятую вайну... А потым вынесе гліняную міску, поўную залацістай вашчыны. Наце, скажа, ешце! Толькі вадою запівайце!.. Выпэцкаецца дзятва да вушэй, а яму — радасна...

Цяжэй стала, калі ў наступ пайшлі меліяратары і ля Малінаўкі асушылі лугі. Узятак быў ужо не той.

І невялічкая пасека не давала таго, што магла даць. Але чалавек не здаўся. Змайстраваў вось гэты дамок. У некалькі паверхаў. Перагарадзіў на пакойчыкі. Пафарбаваў кожны ганак-ляток у свой колер. Каб пчолы не блыталі... І перасяліў туды ўсе пчаліныя сем’і. І быў рады, што знайшоў выхад...

Кожную вясну, лета і восень, гледзячы, якая кветка і дзе меданосіць, збіраецца чалавек у вандроўку вакол вёскі. Рабіць гэта яму пасабляюць хлопцы-трактарысты. Падгоняць гусенічны трактар, падчэпяць тросам той стракаты дамок і валакуць, куды гаспадару трэба.

Пра новую дыслакацыю адразу ж пранюхвае вясковая дзятва. І хай сабе дзядзька Грыц атабарыцца ў малінніку, у ліпавым лесе, на дальніх грачаных палетках ці сярод верасовага мора, а хлапчукі тут як тут! Прыбеглі! І талакой дапамагаюць пасвіць тых пчол. То напоўняць вадою паілкі, то выскубуць траву ля ніжніх ляткоў...

А пад вечар, вядома, зноў з’яўляецца пасярод жывога круга тая ж гліняная міса...

Горш дзядзьку зімою. Але і тады людзі не забываюць пра чалавека. То пастукае ў дзверы сусед і прапануе самасаду. То заскочыць суседка і прынясе талерку салёных гуркоў. То забяжыць, ідучы са школы, тая ж дзятва... І доўгія для яго зімовыя дні робяцца не такімі доўгімі, а вечары — не такімі нуднымі...

Старшыня азірнуўся, убачыў, што Грыц ідзе да ракі, і змоўк.

Грыц нёс нам квадрат залацістай вашчыны.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан