epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Пеця-певень

 

Звычайна, калі сам сабе загадаеш падняцца на досвітку — падымешся абавязкова. Асабліва, як яшчэ звечара звязаны ў пучок і прыстаўлены да ганка, каб быць пад рукою, вуды, а недзе пад каменем, у бляшанцы, нецярпліва варушацца чырвоненькія, бы на падбор, чарвячкі. Ды на гэты раз здраджваеш даўняй завядзёнцы. Пасля тлумнага і клопатнага дня надта спіцца. Выручае Пеця.

— Уста-вай-це-е! — чуецца раптам яго патрабавальны голас, і ты прачынаешся.

Пеця стаіць на падаконніку расчыненага насцеж акна і ў здзіўленні пазірае на цябе. Вінавата ўсміхаешся яму і паціху — каб не пачулі гаспадары — кажаш:

— Кыш!

Ды дзе там! Ніякай увагі! Два ўдары крылом, і зноў тое ж:

— Уста-вай-це!..

Якая ветлівасць! І каб не быць у даўгу, таксама ветліва гаворыш:

— Ды ўстаў я, Пеця, устаў...

Нарэшце Пеця саскаквае ў гародчык і, горды ад выкананага абавязку, ідзе наводзіць парадак на сметніку.

Ухапіўшы з сенцаў вясло, выбягаеш на ганак. Першыя промні сонца зырка б’юць у вочы. На небе — ні воблачка. На вішнёвым лістку ўспыхвае расінка і скатваецца на дол. Золатам гарыць і раса на траве. А ступі босаю нагою — ажно апячэ прыемнай прахалодай.

Пераходзіш вуліцу, мінаеш чыесьці гароды і, крыху прайшоўшы поплавам, спыняешся на прыстані. Лодка — на месцы. Пакуль будзеш гнаць яе па рукаве, што, нібы нажом, разразае прыбярэжныя чараты, сонца ўвачавідкі падымецца і, не такое ўжо чырвонае, спакойна павісне над берагам.

Цішыня. Возера быццам сніць. Але гэта толькі спярша здаецца. Варта пакласці вясло і прыслухацца, як пачуеш: недзе крэкча крыжанка, пялёскаюцца ў «вокнах» вадзяныя куркі. Захочацца пабачыць іх зблізку — тут жа прыстанеш да якога-небудзь зялёнага астраўка і хоць гадзіну будзеш сядзець, не варухнуўшыся, у надзеі на незвычайную сустрэчу.

Куркі — выслізнуць з чаратоў нечакана. І не дзве-тры, а ўсім сваім шматлікім сямействам. Некалькі хвілін яны будуць прыглядацца, сюды-туды пакручваць свае смешныя — з белымі бляшкамі — галоўкі, а потым распачнуць такое адчайнае пялёсканне, што здасца: у тым «акне» вясковая дзятва купаецца... Ад асалоды птушкі лупцуюць па вадзе крыламі і ажно стогнуць. Але раптам над чаратамі праплывае цень каршука. Гучыць каманда бацькоў, і куркі знікаюць пад вадою...

Застаецца пакінуць засаду і веславаць да самых уловістых мясцін. А як іх адшукаць? Учора, скажам, добра чапляўся карась, а сёння, хоць сто разоў мяняй месца, карася таго нават не ўбачыш. Учора вярнуўся з неблагім уловам акунёў, а сёння акуні нібы і не начавалі тут... Але настойліва цярэбішся ад адной купіны серпавіцы-травы да другой і, дастаючы вяслом ілістае дно, шукаеш глыбейшага месца.

Зноў-такі, дзе яе, тую глыбіню, знойдзеш? Затока зарастае, заільваецца і мяняецца на вачах нават аднаго пакалення. «Во каб якую помпу прыдумаць! — успамінаеш Юльчыны разважанні.— А потым з затокі высмактаць тую бузу ды на палі вывезці... Возера абмаладзілася б, і ўраджай падскочыў бы...» І раптам захочацца пераканацца: ці многа тае «бузы» на азёрным дне. Але дубовае — у тры метры — вясло ідзе ў дол, як у масла. Каля метра вады, а там — ліха ведае, які слой ілу...

Выбраўшы больш-менш здатную мясціну, нарэшце закідваеш вуды. Але — дзіва! Не паспелі паплаўкі супакоіцца, як раптам адзін за адным зніклі пад вадой. Гэта ў атаку пайшла акунёвая матрасня. Па чарзе падсякаеш паласацікаў і ўжо карыстаешся адной вудаю. Мінут дзесяць работы — і ўсё замірае. Праз паўгадзіны клёў паўтараецца — нібы па камандзе знікаюць паплаўкі. Такая цыклічнасць хутка надакучае, і хочацца падражніцца з чырванапёркамі. А яны — не акуні, патрабуюць тонкай работы, імгненнай рэакцыі і дакладнасці. І вуду трэба закідваць далей — ажно пад суседнюю купіну серпавіцы, а вудзільна — трымаць пастаянна ў руцэ...

Нарэшце ты збіў аскоміну і, здзіўлены прыемнай нечаканасцю, вырашаеш зняцца з якара і браць курс на прыстань.

Першы сустрэне цябе на падворку, вядома, Пеця-певень. Ён абавязкова будзе стаяць на верхняй прыступцы ганка і, як толькі ступіш за веснічкі, ударыць крыло аб крыло і загадае:

— Сустра-кай-це-е!

Сустрэне цябе Юлька, прыме вязанку з уловам і, радасная, пабяжыць у хату.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан