Я сустрэў яго нечакана, пасярод сонечнай паляны.
А потым доўга хадзіў лясной прасекай і думаў: чаго больш было ў сэрцы гэтага чалавека? Любві? Нянавісці?..
Калі зноў выйшаў на паляну, убачыў: перад ім стаяла... яна. Моўчкі. Як перад святыняй...
Няёмка было трывожыць, і я спыніўся. І хораша падумалася пра жанчыну: бач, не палічылася ні з часам, ні з дарогай... Глядзеў на яе, і здавалася: яшчэ хвіліна — і яна кінецца на шыю хлопцу, прыпадзе да яго, а ён прытуліць яе да шырокіх грудзей і скажа:
— Да сустрэчы, доля мая...
А яна толькі нахілілася ў нізкім паклоне, паклала на граніт букет веснавых кветак і ціхай хадой, не азіраючыся, пайшла ў бок вёскі.
Толькі вечарам я вярнуўся дадому. Гаспадар, у хаце якога знайшоў я часовы прытулак у тыя дні, сустрэў мяне ветліва. Устаў з-за стала, паволі прарыпаў пратэзам у мой бок і ціха сказаў:
— Прысядзь, кватарант... Дваім весялей...
А сам — не прысеў. А сам — рыпаў і рыпаў сваім пратэзам. І толькі чаркі сіратліва адзываліся на стале.
Гаспадар уважліва паглядзеў на мяне і сказаў:
— Ты не думай, што я... У мяне сёння...
Мы не лажыліся ў той вечар. Мы прагаварылі да самай раніцы.
Больш за ўсё гаварыў ён. О! Як я ў тую ноч дакараў сябе, што нарадзіўся так позна! Асабліва балюча стала на душы, калі гаспадар дастаў з шафы сваю палінялую і абшарпаную гадамі скрыпку...
Ён іграў, а перад маімі вачыма паўставалі малюнкі тых далёкіх векапомных восеньскіх дзён. Я выразна бачыў, як людзі выбягалі з падслепаватых хацін сустракаць сваіх збавіцеляў... Як дзяўчаты, не саромячыся сваіх нарачоных, кідаліся на грудзі незнаёмым салдатам... Як дзяды плакалі ад шчасця...
Скрыпка пела і радавалася... І ў песні гэтай было многа-многа і цяпла і сонца.
А потым хата напоўнілася рокатам. Нават задрыжэлі шыбіны, нават ноч за акном ад нечаканасці прыжмурыла вачаняты-зоры...
А я бачыў, як над зялёнай маёй зямлёй плылі страшылішчы з чорнымі крыжамі на крылах, як закаваныя у жалеза нелюдзі сеялі смерць у маім краі.
Я бачыў яшчэ, як не спалохаліся той смерці двое салдат-пагранічнікаў. І чуў, як ракатаў кулямёт. І бачыў, як падалі ворагі... Зноў ракатаў кулямёт, і зноў падалі ворагі...
А потым — гэтак выразна:
— Адпомсці... За мяне...
І ўжо зусім ціха:
— Пра дачку не забудзь, браток...
Ціха плакала скрыпка. Перапоўненая болем яе душа, здавалася, вылівала свой найвялікшы смутак.
Але такое было толькі імгненне. Праз хвіліну яна загаварыла спакойна і ўпэўнена.
Гэтак гамоняць сосны. Гэтак гамоняць дубы перад бурай. Так гаманіў, пэўна, колісь і наш нескароны партызанскі край...
Потым у гэты пушчанскі гоман стомленых струн, паволі набіраючы сілы, уліўся голас бадзёрай і вясёлай песні.
Скрыпка аж заходзілася ад радасці. І здавалася мне, што зноў іду пушчанскай прасекай да самага святога месца на гэтай зямлі...
А пушча да краёў налілася і сонцам і птушынымі песнямі. І скрозь гэты перазвон праменняў і песень ледзь-ледзь да слыху майго дайшлі апошнія дзядзькавы словы:
— А тая?.. Што была з букетам палявых кветак?.. Хто яе ведае... Туды ходзяць усе...