epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Ракі

 

 

— І чаму яна дзеўкаю нарадзілася? — ушчувае маці Юльку.— І чаму не хлопцам? То бусляня спора, то з вудаю цалюткі дзень швэндаецца, то па хлявах лазіць...

Мне відно з прачыненых дзвярэй: Юлька сядзіць на кухні і толькі шморгае носам. А маці не перастае:

— Гора ты маё горкае! Чаму ў іншых — дзеці залатыя. Ад маці не адбягуцца. Куды яна, туды і яны. А я ўжо на сваю галаву дачакалася, што людзі пачалі запыняць на вуліцы...

Юлька яшчэ мацней шморгае носам.

— І на якое ліха тыя ракі табе даліся? — зноў дакарае маці дачку.— Не было куды рукі ўперці?

Юлька слухае папрокі, насупілася і пазірае ў акно.

— Во! Адвярнулася ўжо! — не сунімаецца маці.— А мне Абора праходу цяпер не дае!.. Ён жа тых ракаў мо з тыдзень вышморгваў!

— І не тыдзень, а два дні! — раптам удакладняе Юлька.

— Два дні! — як не крычыць маці.— А цяпер што? Ну, скажы ты мне: што будзе цяперака?

— Нічога не будзе! — ледзь не плачучы, адказвае Юлька.— Наглуміць за выхадны, калі захоча!..

— А ты зноў выпусціш? Скажы: выпусціш?— дапытваецца маці.

— А нашто яму столькі? І яшчэ ў скрынкі пазапіхаў...

— А ты ўцікавала і выпусціла? — ужо з прыкметнай смяшынкай у голасе пытаецца маці.

— Вы-пу-сці-ла! — выціраючы далоняй твар, адказвае Юлька.— Бо шкада было. У скрынках жа!.. Мучыліся...

— Шкада, шкада! — лагаднее матчын голас.— Я табе пашкадую! Гэць з хаты, пакуль за ручнік не ўзялася!..

Бразнулі дзверы, і на кухні стала суцішна.

Калі я выйшаў на падворак, Юлькі нідзе не было. Няўжо пабегла ў кузню да бацькі?

Але Юлька сядзела на вільчыку хлеўчука і, нібы нічога не здарылася, спакойна паглядала на неба.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан