epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Рамонак на шыбіне

Нас у аўтобусе — самы раз: ніхто не стаіць.

Дзядзька сядзіць як на троне: расшпіліў у кажушку верхнія гузікі, абапёрся на ядлоўцавы кіёк і пазірае перад сабою строга, паверх галоў.

Маладзіца — наадварот. У яе выгляд такі, нібы хоча падкрэсліць: глядзіце, якія мы!..

А дзяўчынка хвілін колькі сядзела з прыплюшчанымі вачыма і ў куточках вуснаў хавала сваю ўсмешку. Потым адважылася, зняла рукавічку і ружовым пальчыкам пачала вадзіць па заінелай шыбіне.

Яна, мабыць, такое рабіла не першы раз. Бо на шыбіне смела з’явіліся кружочкі, рысачкі і палосачкі. А калі аўтобус зрабіў паварот і маладое сонца пазалаціла праменнямі шыбіну, мы ўсе ўбачылі, як пад рукою дзяўчынкі ўспыхнула вясновае цуда — кветка...

І ўсміхнуўся гэтаму цуду пажылы, самавіты дзядзька, па-веснавому шчырэйшай зрабілася маладзіца...

На наступным прыпынку дзяўчынка ўсхапілася з месца і пабегла да дзвярэй.

А на шыбіне ўсю дарогу гарэў пакінуты ёю рамонак.


1973?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан