epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Развітанне

 

— Вось і ўсё! — сказаў я нарэшце Юльцы.— Набыўся ў вас. Назад ехаць трэба!..

Юлька насупілася, спахмурнела. І ўвесь час ні на крок не адыходзіла ад мяне. Здавалася, яна жыла адзіным клопатам — як найлепш дагадзіць мне сабрацца. Склалі мы ў чамаданчык мае пажыткі, я падзякаваў Юльчыным бацькам за прытулак, развітаўся і ступіў за парог. Юлька таксама выйшла з хаты і ціха сказала:

— Я да пачакалаўкі правяду...

Ішлі моўчкі. На сэрцы было ніякавата. Не паспеў здружыцца з Юлькай, з людзьмі, што жывуць побач з ёю, а трэба развітвацца... І міжволі пазайздросціў і Юльцы, і яе бацькам, і Арсену, і Нупрэю, якія застануцца тут — са сваімі клопатамі, марамі, спадзяваннямі. А ці давядзецца калі-небудзь зноў пабачыцца з імі?.. Можа, і мяне, як таго барадача-мастака, незразумелая сіла зноў пацягне сюды? Толькі ці змагу людзям гэтым адплаціць за іх дабрыню?.. Ці буду вечным даўжніком іхнім?..

Не заўважыў нават, як падышлі да аўтобуснага прыпынку. Там ужо тапталася некалькі чалавек. Мы прыселі на лавачку.

Нарэшце з-за павароткі вынырнуў аўтобус.

Юлька падхапілася і падала мне сваю цёплую далоньку.

— То бывай! — сказала і адвярнулася.

Пакуль я ўмошчваўся на сядзенні, пакуль сціраў з шыбіны пыл — увесь гэты час Юлька стаяла ля «пачакалаўкі» і нібы з дакорам паглядала на мяне.

Аўтобус нарэшце крануўся і, рыпнуўшы рысорамі, паволі пакаціў па торнай дарозе. Прабег крыху, павярнуў на гасцінец і толькі тады ўзяў разгон.

Я зірнуў у акно і здзівіўся: там, на пагорку, ля вёскі, усё яшчэ чырванела Юльчына плацейка...


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан