epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Русалка

 

 

Атабарыўся я не ў цэнтры сяла, нават не ў дамку-церамку для заезных людзей, а ў канцавой хаце мясцовага каваля. Не на бойкім месцы стаяла тая хата, сяліба збягала ледзь не да самай вады, і я быў рады, што займеў такое зручнае жытло. З гаспадаром бачыўся не часта, таму неяк само сабою сталася, што здружыўся з яго дачкою — пяцікласніцай Юлькай. Яна для мяне зрабілася і гідам, і добрай дарадчыцай.

Мы кожнай нядзельнай раніцай выцягвалі з падстрэшша вуды, ішлі на ўлюбёныя Юльчыны мясціны і заміралі ў чаканні акунёў.

Але ў той дзень на возеры чаплялася, як Юлька казала, толькі адна матрасня. Капітана падчапіць не ўдавалася. І дзяўчынка, абхапіўшы рукамі калені, з надзеяй у вачах усё глядзела і глядзела на паплаўкі.

Раптам Юлька падхапілася.

— Не ўловім! — сказала яна.— Хадзем на раку. Мо русалку пабачым...

І павяла мяне Юлька ад возера, напрасткі, ледзь прыкметнай сцяжынаю — спачатку балацінкай, а потым і сухапутам, зарослым непрывабным драбняцом. Нарэшце перасеклі гасцінец і апынуліся на даволі-такі ладнай лугавіне, пасярод якой і ляжала тая віхлястая палоска ракі. Прайшлі яшчэ крыху берагам, і Юлька прыклала палец да вуснаў:

— Тутака...

Мы леглі над самым вірком і пачалі ўзірацца ў яго таямнічую глыбіню. Тады-сяды з-за аблокаў паказвалася сонца, прасвечвала вірок, і відаць было, як там, над пясчаным дном, ляніва снавалі цені. Іншы раз яны рабілі разварот, і дно нібы ўспыхвала і адлівала срэбрам. Язёў змянялі акуні, і тады Юлька, зачараваная ўбачаным, шаптала:

— Во дзе яны!.. І ўсе — капітаны...

А русалкі не было і не было. Ці яна не пажадала нам трапляць на вочы, ці адплыла куды-небудзь у суседні вірок, Юлька не ведала і таму лічыла сябе нібы вінаватай. Я адчуваў гэта, бачыў, як хмурыўся тварык дзяўчынкі, і хораша думаў пра яе. Бач, адважылася прыадкрыць завесу свайго таямнічага свету, а цяпер вось і перажывае...

Доўга яшчэ ляжала Юлька ў траве. Прылятаў аднекуль свежы ветрык, і берагавы аксаміт пераліваўся жывымі хвалямі. Мне здавалася ў такія хвіліны: побач са мною з распушчанымі льнянымі косамі не Юлька — русалка.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан