Іншы раз так вось, без дай прычыны, хочацца вярнуцца ў дзяцінства. Хочацца збочыць з гасцінца і, як некалі, басанож пашыбаваць туды, дзе прызыўна шамацяць лістотай родныя прысады.
Думаецца ў такія хвіліны: хай сабе бягуць тыя шляхі-дарогі, хай клічуць няўрымслівых. Ты ж еў хлеб не з адной печы, з ліхвою паспытаў, што было адмерана мо на ўвесь твой век. І ці не заслужыў спагадлівага матчынага позірку і той невымоўнай ціхай пяшчоты, якую можа падарыць табе толькі яна, маці?
Але не пройдзена яшчэ шмат перавалаў, не зроблена таго, што хацелася б. І ты не збочваеш са свае нялёгкай дарогі, а пакідаеш убаку тыя сцяжынкі дзяцінства. І маці не крыўдзіцца. Яна разумее цябе. Бо яна — маці.
А ты назаўтра будзеш зноў цешыць сэрца надзеямі на тое спатканне і адчуваць сябе ў неаплатным даўгу перад бацькоўскім парогам.