epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Смутак

 

 

На балацінцы, што ляжала ў трыкутніку між дарогай, лесам і рачулкай, жыло шмат вужоў. Кожны з іх меў свае, уласцівыя толькі яму, завушніцы — белаватыя, жоўтыя, нават ружовыя.

Юлька прыбягала сюды і гадзінамі назірала за тымі вужамі.

А ў тую вясну квяцістую балацінку аблюбавалі яшчэ два прышэльцы — танканогая козачка і андатра, ці балотная бабрыха, як тут называюць гэтага звярка. Мясціна прыйшлася ім даспадобы, і спачатку козачка, а потым і бабрыха прывялі дзіцянят. Козачка — двое, бабрыха — ажно сем. Козачка зрэдку дазваляла сваім дзецям выбягаць на сонечны пятачок і крыху пабегаць адзін за адным сярод лугавых кветак. І хоць там, на дарозе, час ад часу вуркаталі машыны, казляняты не зважалі на гэта — падбрыквалі і падбрыквалі, на радасць маці. Юльку яны, праўда, пабойваліся. Варта было ёй падняцца з купіны, каб працягнуць руку і пагладзіць якое з іх, як яны знікалі ў зарасніках.

Бабраняты жылі ў спакайнейшым месцы — у лазовым кусце, што спускаўся аж да самай вады. І толькі Юлька затоіцца на беразе, як бабраняты высыпалі з-пад таго куста чарнаватымі камячкамі, плюхаліся ў ваду і плылі, смешна выставіўшы свае цікаўныя пысачкі. Маці сядзела на беразе, секла асаку і нібы не звяртала ўвагі ні на сваю драбязу, ні на Юльку. І Юлька была рада.

З асаблівай цікавасцю назірала яна, калі камячкі-бабраняты падплывалі да лілеяў і, выбраўшы кожны сабе асобны лісток-далонь, спыняліся і пачыналі прыхарошвацца. Спачатку тонкімі пальчыкамі расчэсвалі галоўкі, потым — бакі, а потым і жывоцікі. Стаўшы на заднія лапкі, яны акуратненька перабіралі, здавалася, кожную варсінку, прыгладжвалі свае кажушкі і тады толькі давалі нырца і плылі да маці — пасмактаць малака. Юлька не хацела трывожыць іх, падымалася і паціху, каб не трэснуў які сучок пад нагою, выходзіла на дарогу і бегла, шчаслівая, дадому.

А ў той дзень яна была сама не свая. Сустрэла мяне на дарозе і — у слёзы:

— Бабраняты пагінулі... І казлянятак нямашака...

Я ведаў, што ў гэтых мясцінах дужа сурова пачалі абыходзіцца з андатрай. Пасялілася яна, на радасць чалавеку, у азёрах і рэчках, размножылася і стала назаляць браканьерам. То сеткі парэжа, то жакі пасячэ... І браканьеры сталі знішчаць андатру, а з яе футра шыць носкія, шыкоўныя шапкі. Канечне, лаўцы, не задумваючыся, маглі падняць руку і на козачку... Але што я мог адказаць Юльцы? Як суцешыць яе?..

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан