epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Старыя бліндажы

Іх некалькі было на пагорку за вёскаю. Калі, бывала, падыдзеш да канцавой хаты і кінеш вокам на выган, то здавалася, што гэта зусім і не бліндажы, а вялізныя, счарнелыя ад часу чарапы. Горш за ўсё яны заміналі нашым трактарыстам. І талакой рашыла сяло знішчыць іх.

Узрыўчатку выпрасілі ў леспрамгасе, а кіраваць усёй «аперацыяй» даручылі дзядзьку Антосю.

— Гэта мы мігам,—ажывіўся ён.—Як карова языком зліжа... На фронце не такое рабілі!

І праўда. Толькі варта падкласці куды трэба толу, адбегчыся і скамандаваць: «Ла-а-жысь!», а нам упасці жыватамі ў пясок, як глуха вухала і скаланалася зямля. Ад бліндажа, сапраўды, заставаўся адзін успамін.

Потым зноў дзядзька браў свае прычындалы і клыпаў на «новы рубеж». Ды на гэты раз ён выйшаў з бліндажа і не кінуўся подбегам у наш бок, а пачаў спакойна ўзірацца ў блакітнае неба.

І чаго б гэта?..

Мы сыпанулі туды. Глядзім: укленчыў дзядзька і паклаў на далонь... птушаня:

— Та-ак...

І дадаў, паказваючы на бліндаж:

— А гэты... Няхай пастаіць!..


1964?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан