epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Што за сінімі лясамі?

 

 

Аднойчы, седзячы на кручы і пазіраючы на той бераг возера, Юлька нечакана запыталася:

— А што за сінімі лясамі? Я хачу пабачыць, што за тымі сінімі лясамі...

Нічога не заставалася, як пачаць перагаворы з Юльчынымі бацькамі наконт таго, каб адпусцілі дачку ў падарожжа.

Дазвол быў атрыманы. Кароткія, мітуслівыя зборы, і назаўтра на світанні наш човен пакінуў прычал. Праз гадзіну якую мінулі Выспу — зялёны востраў пасярод возера, а праз пэўны час адшукалі і выток ракі.

Цікава нараджаюцца рэкі! І гэтая таксама. Спачатку рака нібы намацвала сабе дарогу, быццам хацела пераканацца, ці не пашкадуе потым, адправіўшыся ў такі далёкі шлях... Але праз якую вярсту, прабіўшыся з лазняку, раптам адчула прастор. Свежы ветрык, праменні ласкавага сонца нібы ўдыхнулі ў яе незвычайную сілу, і яна, забыўшыся пра асцярогу, радасна кінулася наперад.

Іншы раз ёй даводзілася нялёгка. Крутыя пагоркі паўставалі на шляху — рабілі спробу пераняць дарогу, стрымаць яе імкненне. Ды рака, сабраўшы ўсю сваю сілу, смела кідалася на перашкоду. І перамагала. Радая, пачынала шчыраваць. Яе шчодрасць адчувала ўсё навакольнае. Там, дзе прабягала яна, весела зелянелі палі, абапал берагоў буялі атавай лугі, а прырэчныя лясы ажно заходзіліся ад песень. Птушкі славілі яе напорыстасць і сілу, шчодрасць і шчырасць. І яна ад гэтага рабілася яшчэ болей упэўненая. Рака цяпер надзвычай весела гнала наперад сваю тугую плынь...

Юлька сядзела насупраць і, шчаслівая, усміхалася. Потым нечакана зірнула на мяне і прамовіла:

— А дзесяць тысяч гадоў таму назад якая была наша рака?

— Чаму дзесяць тысяч? — здзівіўся я такому незвычайнаму пытанню.

— Так,— задумліва адказала Юлька.— Хочацца ведаць...

Што было адказаць Юльцы? Як яе перанесці ў той далёкі дзень? Хіба паспрабаваць?..

— У той дзень, Юлька,— пачаў я,— над гэтым краем стаяла таксама ціхая раніца... На лясістых узвышках сярод непралазных балот спакойна пасвіліся табуны танканогіх аленяў і чуйных тарпанаў, ганарлівых тураў і самавітых зуброў. У сакавітай балотнай траве спакойна гаманілі шэрыя гусі. А ў ціхіх затоках плавалі прыгажуны лебедзі... Усе яны — і птушкі, і звяры — з цікаўнасцю пазіралі на незвычайных прышэльцаў. А тыя на плытах пракладвалі сабе дарогу ў іх спрадвечныя ўладанні... Апранутыя ў шкуры звяроў, прышэльцы час ад часу прычальвалі да берага і дзівіліся з усяго гэтага багацця. Бо там, адкуль яны выбраліся ў такі далёкі і рызыкоўны шлях, усяго гэтага было надзвычай мала...

Потым яны выбралі, можа, нават вунь той лясісты ўзгорак. І чалавек упершыню ступіў на незнаёмую зямлю. За час вандроўкі прытупіліся каменныя нажы. Паламаліся наканечнікі стрэлаў. Павышчэрбваліся крамянёвыя сякеры. І тады твая зямля, Юлька, паспачувала. Яна сказала: ты — чалавек! І рукі твае за час падарожжа не забыліся разбіваць каменную камлыгу, выточваць з упартага крэменю патрэбныя прылады... Дык бяры крамянёвую камлыгу і рабі з яе, што захочаш!..

Абнадзеены чалавек з удзячнасцю глядзеў на першыя дары гэтай зямлі. Як на сваё збавенне. І вочы яго святлелі. А калі на агрубелую далонь леглі амаль ювелірнай работы наканечнікі стрэл, вострыя нажы і сякера, ён упершыню за апошні час уздыхнуў з палёгкай.

Потым жанчыны майстравалі жытло. Збіралі ў густых зарасніках ляшчыны арэхі ды кармілі сваіх немаўлят. А мужчыны? Яны, напэўна, хадзілі вакол і высочвалі дзічыну. Яе сустрэць было няцяжка. Куды цяжэй было падпаўзці да птушкі ці звера на адлегласць надзейную. Каб не спужаць марна выпушчанай стралой... Толькі калі выконваўся гэты даўні і непарушны закон, да звону нацягвалася цеціва і страла рабіла сваю імгненную справу...

Яшчэ і цяпер, Юлька, то каля возера, то на пясчаных градах-узгорках крыху ў баку ад гэтай ракі людзі знаходзяць паляўнічыя прылады нашых далёкіх продкаў. Крамянёвыя сякеры, наканечнікі стрэлаў, каменныя скрабкі, нажы... Цэлы скарб!

Зірнеш на той скарб, Юлька, і ўяўляеш: з якой радасцю сустрэла паселішча першыя трафеі гэтай зямлі! Пакуль здабывалі агонь і раскладалі вогнішча, паляўнічыя адпачывалі. А потым з прыску вымалася смажаніна, дзялілася пароўну і пачыналася святочная вячэра...

— Ой! — ускрыкнула Юлька.— Як цікава было! А мы зможам у прыску зрабіць смажаніну?

— Усё зможам... І смажаніну таксама... Гэта продкам нашым цяжка было. А нам — лягчэй лёгкага!..

...Па правую руку паказаліся першыя хаты першай вёсачкі за сінімі лясамі. І наш човен прычаліў да берага.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан