epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Танец грыбоў

 

 

Юлька — выдумшчыца.

Юлька — фантазёрка.

Учора яна сказала:

— Хадзем у гай, паўзіраемся, як грыбы танцуюць.

— Ці ж грыбы ўмеюць танцаваць?! — засмяяўся я.

— Яны ўсё ўмеюць! — усміхнулася Юлька.— Дай управіцца па хаце — і пойдзем...

Калі ў хаце было прыбрана, мы адправіліся ў лес.

Вось і знаёмая палянка. Юлька зірнула туды, зірнула сюды і, нібы на правах старэйшай, прапанавала:

— Прысядзем вунь пад таею елачкай і пацікуем. Вылузнецца сонца, і тады...

Сапраўды, толькі з’явілася сонца, як уся палянка залілася праменнямі. І я заўважыў: з-пад леташніх лістоў пачалі выбягаць лісічкі... Ударылі ў свае смычкі цвыркуны, забіў у бубен дзяцел. А лісічкі, пабраўшыся за рукі, закружыліся ў карагодзе...

Юлька шэптам гаворыць:

— А зірні, які хлапец-маладзец з’явіўся!

Я азірнуўся.

На ўскрайку паляны стаяў мухамор. У стракатым капелюшы. Выгляд у яго быў такі фанабэрысты, што я засмяяўся:

— Стыляга нібыта...

— Ага, стыляга,— пагадзілася Юлька.— А цяпер паглядзі сюды! Парахня сыплецца, а туды ж...

З лясной сцежкі сіліўся падняцца дзядок-баравічок.

— Ён зачапіўся за галінку і спатыкнуўся,— зноў засмяялася Юлька.— Ажно шапка звалілася!

А лісічкі, не зважаючы ні на што, усё кружыліся і кружыліся ў сваім танцы. Недзе па-ранейшаму біў у свой бубен дзяцел, і ажно заходзіліся смычкі цвыркуноў...

Калі сонца нечакана схавалася, цвыркуны, дзяцел, дзядок-баравічок, фанабэрысты мухамор і нават лісічкі-сястрычкі са сваім казачным карагодам — усё гэта некуды знікла.

Юлька зірнула на мяне. Яна была шчаслівая. Яна паказала мне танец грыбоў!..

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан