epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

У дарозе

 

 

На далёкую палескую станцыю мяне прывёз цягнік.

Стаяла ціхая месячная ноч, і я мо з гадзіну прабыў у невялічкім прывакзальным скверыку.

Па шасейцы, што пралягала побач з чыгункай, час ад часу праязджалі машыны, і я вырашыў не чакаць рэйсавага аўтобуса, дабірацца ў Астравок спадарожным транспартам.

Але туды, колькі ні апытваў шафёраў, машыны не ішлі. Можна было пад’ехаць толькі да Залесся, а там і пехатою недалёка. Я рызыкнуў і на світанні быў ужо ў Залессі. Стаяў пасярод вуліцы і чакаў хоць якую жывую душу, каб лепей распытаць дарогу. Нарэшце з бліжняй хаты выйшла маладзіца.

— Падкажыце, як трапіць у Астравок?

— А чаму не падказаць? Падкажу! — усміхнулася кабета, паказваючы белыя, як драбкі часнаку, зубы.— Ідзі вунь таею сцежачкай, каля старога рэчышча, потым возьмеш крыху лявей, пройдзеш сотню-другую метраў і па правай руцэ ўбачыш адразу тры сцежкі. Ступай толькі сярэдняй і, калі перасячэ яна яшчэ адну сцежку, збоч з яе, прайдзі крыху, а затым нібы вярніся назад і там ужо, дзе балацінкай, дзе сухапутам, шыбуй напрасткі ажно ў самы Астравок.— Яна зноў даверліва ўсміхнулася і дадала: — Зразумеў?

— Зразумеў,— кажу.— А другой дарогі няма?

— Чаму няма? Ёсць! — зноў выставіла зубкі маладзіца і паказала вачыма сабе пад ногі: — Гэная хоць і даўжэйшая, ды павіхляе крыху, але выведзе якраз на Жукава поле. А там — рукой падаць — і Астравок...

Вядома, выбраў другі шлях. Але, як неўзабаве пераканаўся, і ён быў не з лёгкіх. Пералескамі ішлося яшчэ сяк-так. Быў надзейны арыенцір. Пад нагамі — дзе спружыніла, а дзе і пыліла — ляжала ўсё ж якая ні ёсць, а дарога. Потым у лясной гушчэчы і яна знікла — неяк раптоўна распалася на безліч сцежак. Паспрабуй здагадайся, якой трэба трымацца. Сюды б тую маладзіцу! Няхай бы сказала, каторай з іх належыць «ступаць»...

Выбраў нарэшце самую ўбітую сцежку і рушыў далей.

Яшчэ хвілін дзесяць хады, і раптам сцяжынка ўзбегла на бязлесны пагорак. Я спыніўся, зачараваны.

Там, унізе, спакойна ляжала возера, а на яго не дужа крутым беразе стаяла вёска. З пагорка здавалася, што гэта зусім і не вёска, а казачны карабель, які аднойчы прычаліў да берага ды так і застаўся там...

Я глядзеў, як над вёскай нараджаецца дзень, і адчуванне было такое, нібы сам нараджаўся нанова. Здавалася, вось-вось адбудзецца цуд: абноўлены, поўны нейкага ўнутранага цяпла, рантам вазьму і зраблю свой самы першы крок па зямлі...

Недзе ў прыбярэжным чароце прачнуліся птушкі.

На азёрную роўнядзь упала пара чыркоў. Аднекуль даляцеў бусліны клёкат. А над Астраўком у ранішнім сінім бяздонні купаліся і купаліся ластаўкі.

І неяк дабрэла, спакайнела на сэрцы...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан