epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Вечарам

 

 

Юлька ляжыць на ложку, за грубкаю, і дзівуецца: чаму так атрымліваецца? Варта захацець толькі, і яна можа ўзнавіць убачанае за дзень ці ўсё па парадку, ці кавалкамі. Для гэтага трэба адно — добранька заплюшчыць вочы і затаіцца. І пабягуць тады перад вачыма дрэвы, людзі, машыны... А чаму так атрымліваецца — Юлька не ведае. Хацела яшчэ вясною запытацца ў настаўніцы, але пасаромелася. А калі даверылася маці, тая толькі паціснула плячыма. Дзіўна! Ёй нават ніколі нічагусенькі не сніцца! А Юльцы і сніцца, і бачыцца...

Юлька лічыць, што трэба паболей трэніравацца. Тады яна зможа нават не рабіць урокаў. Няхай настаўніца выклікае да дошкі — не збаіцца. Прыплюшчыць крышачку вочы — і стане пераказваць тое, што чула на папярэднім уроку, калі настаўніца тлумачыла новую тэму... Во дзіва будзе!..

Яна ляжыць, затоеная, і думае: з чаго б гэта сёння пачаць? Бо не хоча, каб бачылася абы-што. Якая цікавасць, напрыклад, зноў спрачацца з Зоськаю? Падумаеш, гербарый яна сабрала! За лета Юлька не такі сабярэ! З самых прыгожых кветак!.. Альбо ўзяць хаця б тое Арсенава ласяня! Ну і няхай сабе выходзіць ласіха са сваёй малечай на ўскрай лесу! Юлька іх не раз бачыла. Нічога цікавага. Тое ласяня, як бычок іхні... Толькі дужа цыбатае. І гарбаносенькае...

Юлька нацягвае да падбародка суконную коўдру, і нечакана бачыцца ёй кузня. «Дзінь-дзінь! Дзінь-дзінь!» — ляціць з кузні вясёлая песня. Гэта бацька ўдарае молатам па жалезіне. Юлька ведае: чым большая жалезіна ляжыць на кавадле, тым басавіцейшы, гусцейшы звон адлятае ад яе. А калі бацька трымае ў абцугах якую драбязу — кавадла заўсёды пяе молада і зухавата... Ды варта ў дзвярах кузні паказацца Юльцы, песня тая сціхае — бацька апускае молат і ўсміхаецца:

— Будзем палуднаваць?

— Будзем! — адказвае Юлька, і яны пакідаюць кузню.

Але перш чым сесці пад куст бэзу, бацька падыходзіць да жалезнай бочкі, што ажно ўрасла ў зямлю крыху воддаль дзвярэй, і мые рукі. Толькі потым кіруе ў цянёк. Юлька тым часам рассцілае на мураве ручнічок, дастае з авоські хлеб, свежыя гуркі, кавалак духмянага кумпяка і корч зялёнай цыбулі. Ядуць спачатку моўчкі, нібы спяшаючыся. А калі саб’юць ахвоту, бацька першы хваліць наедак.

— Смаката! — гаворыць ён.— Люблю вось так...

Ёй рупіць запытацца, чаму бацька сёння працуе не ў прасторнай майстэрні, дзе шмат розных станкоў і машын, а тут, у гэтай старэнькай кузні, але раздумвае. Якая розніца, дзе працаваць!..

Юлька паварочваецца да сцяны і нейкі час ляжыць сцішаная. З прачыненых дзвярэй у пакой далятае матчына гамонка. Яна, тая гамонка, нібы закалыхвае Юльку, і Юлька зноў заплюшчвае вочы і затойваецца...

Нечакана далятае да Юлькі ледзь чутны, нібы стомлены, рокат матора. Яна азіраецца і бачыць: напрасткі праз выган бяжыць да іх «козлік». Ля кузні спыняецца, і з яго выходзіць Осіпавіч — старшыня калгаса. Бацька падымаецца, хоча пайсці насустрач, але Осіпавіч ужо заўважае іх, крочыць да куста і на хаду пытаецца:

— Загараем?

— Абедаем! — адказвае бацька і зноў сядае на сваё месца.— Мо і ты з намі, Осіпавіч?

— Вады шклянку выпіў бы,— адказвае старшыня.— Упрэў, гойсаючы па брыгадах...

Бацька падае біклагу і нібы спачувае:

— Таксама турбот хапае?..

— Хапае! — адказвае Осіпавіч і пазірае на Юльку: — Памочніца?

Бацька таксама пазірае на Юльку і задаволена ўсміхаецца. А Юльцы чамусьці ўспамінаецца той дзень, калі яна ўпершыню ўбачыла Осіпавіча. Тады бацька сказаў: малады, не пацягне. А праз год зусім іншае сказаў пра старшыню: цягавіты! Юлька ўсміхаецца, прыгадаўшы тое дзіўнае слова «цягавіты», і хітравата паглядае на Осіпавіча. Бацька пытаецца:

— Як цяперака ў нас?

— А ведаеш, няблага!— адказвае старшыня.— Тарфянікі выручаюць! І дрэнаж, брат, апраўдвае сябе...

Юльцы робіцца нецікава слухаць тую гаворку пра нейкі дрэнаж, яна падымаецца і бяжыць на выган — збіраць рамонкі. Яна заўсёды збірае тут рамонкі, прыносіць іх дадому, стаўляе ў глячок і кожны раз заўважае, як у такія хвіліны дабрэюць матчыны вочы.

— Кветкі — што дзеці! — абавязкова кажа маці.— З імі весялей.

Чаму весялей з дзецьмі — Юлька не разумее. Іншы раз маці так накрычыць на яе, так накрычыць!.. Нібы на чужую ці непатрэбную... А тут — на табе! — весялей...

Неўзабаве Юлька вяртаецца, прымошчваецца ў цяньку на траве і пачынае перабіраць каліўцы кветак. І ўжо слухае і слухае тую гамонку Осіпавіча з бацькам... Потым чамусьці зноў чуецца матчын голас. А праз хвіліну і ён аддаляецца, кудысьці сплывае. Толькі рамонкі на стале не перастаюць духмяніць мядовым пахам. І Юлька праз сон усміхаецца тым рамонкам...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан