epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Жукава поле

 

Трапіць на Жукава поле давялося значна пазней, чым думалася. І зноў з Юлькай. Праўда, некалькі разоў рабілася самастойная спроба, але варта было адарвацца ад вёскі, як арыенціры губляліся,— блытаўся на шматлікіх лясных сцяжынах і вяртаўся назад ні з чым.

У тую раніцу, лежачы на канапе-раскладушцы, чакаў, пакуль у суседнім пакоі прачнецца Юлька, і ўспамінаў нашу першую сустрэчу. Прызнацца, Юлька мне тады не дужа спадабалася — негаваркая, нібы ваўкаватая, яна больш слухала, чым гаварыла. Пра такіх у гэтых мясцінах кажуць: пастаў — стаяць будзе, пасадзі — сядзець будзе...

Але такою Юлька здалася толькі спярша. І хоць цяпер па-ранейшаму не выстаўляла сябе, але ў ёй ужо ўгадвалася натура, характар. Скажа — нібы звяжа. А калі не пагодзіцца з чым-небудзь, то не будзе выпінацца, даказваць сваё,— прамаўчыць. Толькі праз нейкі час, непрыкметна, а ўсё ж давядзе сваё да канца...

Думаючы гэтак, я і не пачуў, як Юлька зайшла ў мой пакой. Згледзеў яе ўжо ля стала — з конаўкай бярозавіку.

Заўважыўшы, што я не сплю, яна ўсміхнулася і прамовіла:

— Хочаш?

Бярозавік быў халодны — аж зводзіла сківіцы. І незвычайна духмяны. Я падзякаваў. Юлька зноў усміхнулася і сказала:

— Мо на Жукава поле пабяжым?..

...Лясная сцежка мокрая ад ранішняй расы.

Зрабіўшы з дзесятак мудрагелістых паваротаў і перасекшы некалькі невялічкіх палянак, узгоркаў і пералескаў, мы неяк раптоўна выйшлі да палетка і спыніліся каля збажыны.

— Вось тут яно — Жукава поле! — сказала Юлька.

Гляджу, поле — як поле. Нічога асаблівага і адметнага.

Чаму ж тады ў Астраўку на кожным кроку гаварылі: Жукава поле ды Жукава поле...

Адчуўшы маё здзіўленне, Юлька пачала тлумачыць:

— Ішлі тут баі вялікія... Нашы заціснулі фрыцаў у гэтым кутку і давай калашмаціць! А тыя, вядома,— агрызацца...— Калупнула босаю нагою дол, нахілілася, падняла нешта з зямлі і дадала: — Тут нават зямліца напалову з жалезам...

На Юльчынай далоні ляжаў важкі асколак і чырванеў іржой. Юлька падкінула асколак у руцэ, нібы ўзважвала яго вартасць, і ціха прамовіла:

— Во як яно было тут...

— Ну, а Жукавым чаму поле завецца?

Юлька не адказала, а павяла мяне па сцежцы далей, туды, дзе ў канцы жытнёвага палетка стаяў каменны помнік-абеліск.

На ім залатымі літарамі было напісана: «Жукаў В. П.».

Мы стаялі і маўчалі. Мне думалася: пройдзе яшчэ столькі часу, яшчэ сто, тысячу гадоў, а гэтае поле ў знак удзячнасці людской так і застанецца Жукавым...

Нібы здалёк я пачуў Юльчын голас:

— Ён са звязкаю гранат... пад нямецкі танк... Жукаў...

А са збажыны даверліва пазіралі на нас васількі, і там-сям, нібы кроплі крыві, гарэлі палявыя макі.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан