Двор...
А на двары
асенні прыжмур вачэй
выглядвае сонца ўгары,
свой роздум
з праменняў тчэ.
Шукаю ад хаты ключ,
што формай нагадвае «7».
І шэпча душа:
«Люблю...»
усім:
вяргіням ля плота,
траве
і яблыкам у расе
(і як іх ніхто не сарве?),
кату, сабаку...
курам, што грэбаюцца ў аўсе.
А з імі —
маці жыве...
Вунь яна з поля
касу нясе,
падобную на лічбу
«7»...