Аб чым шуміш, вада рачулкі безназоўнай,
каля былога млына,
ля тракту кацярынінскага,
каля царквы,
касцёла,
якім паўтысячы гадоў,
пад сённяшнім бетонным мостам?..
Ды раптам чую ў адказ:
— Не пытай
—і не стой,
а ідзі
па лязе часу,
па шыпах дзён...
І залунаюць анёлы,
якія падхопяць цябе
і панясуць на спатканне,
дзе ніколі не быў ты
і ўжо быў...
— Дзень добры, Мацей!
— Дзень добры, Лукаш!
І пазнаеш сябе...
Там пекла і рай...
Там мукі і радасць...
І вернуць назад драконы,
што выкідалі іконы,
а пасля з касцёла
зробяць сельмаг,
а з царквы — вінную краму.
Дзе ўбачыш чорных курэй-чубатак,
нібы манашак,
і пеўняў, даўно ачмурэлых,
якія не разбяруць,
што там на сценах
касцёла, царквы —
мадонны
ці «голыя жанчыны»
мясцовых «монстраў-мастакоў»?..