Я не ведаў,
і ты не ведала,
што падорыць нам «Дамадзедава»?
...Бегла так электрычка — як лань.
Сэрца ж ціха шаптала: «Ад-стань...»
І свяціўся той слоўны наіў,
нібы ўлетку белы наліў.
Вочы ў вочы — слязінка, сляза,
як на травах гаючых раса.
Разумелі бярозы і вязы:
«Ім гадзіну б пабыць яшчэ разам...»
Дзве душы абдымала ўжо ростань...
«Што ж, бывай!..» —
як сказаць нам няпроста.
Бегла так электрычка — як лань,
сэрца ж ціха шаптала: «Ад-стань...»
Вось яна, апошняя станцыя...
Што?
Закончана рэгістрацыя?
Ну, няўжо ўпрасіў я лёс,
каб не ўзяў цябе самалёт?
Дзіва з сэрцам тваім тварылася:
птушкай дзікаю злоўленай білася...
Ты не верыла, ты не верыла —
на пасадцы стукала ў дзверы.
«Пачакай!» — самалёт нібыта прасіла,
а сэрца шаптала: «Хутчэй ты на крылы!»
А сэрца да сэрца ірвалася
праз рокат, праз шум, галасы,
нібы самалёт да аблокаў
з узлётнае паласы.