* * *
Сядай жа побач на пракос, актава,
Пагутарым пра час былы, дзядоў...
Гайдаўся травастой, цяпер—атава
Там, дзе вякі застылі між дубоў...
Нашчадак іх, я маю права
Сплаціць адвечны продкам доўг...
Укос заўсёды быў другі —
За прадзедаў, дзядоў кашу лугі...
* * *
Калядныя марозы — аж пад трыццаць недзе
Каліна прадказала летам раннім мне:
Пяклі сцюдзёна, пунсавелі гронкі ў небе,
Здавалася, што выпадзе ў спякоту снег.
А я стаяў на продка даўнім следзе,
Што ў травах пракаветных зрасянеў.
Ён, продак, мне падараваў прыкмету,
Каб я таксама не ўпусціў у Лету.
* * *
Пад гэтым небам сінім і
любімым не верыцца ча-
мусьці ў небыццё...
Міхась Стральцоў
Знік чалавек, нібы прамень, за хмарамі,—
Урэшце, ён і промнем быў:
Свяціў, гарэў, імкнуў за марамі,
А карацей, ён проста жыў.
Не страхаваўся — «Браце, марна!» —
Любіў лістоты ён матыў.
Знік чалавек... Трымціць па ім аер...
Як не хапае мне яго цяпер!