Якімі былі вы,
Анюціны вочы?
Рознымі, кажуць,—
уранку, упоўдзень, увечар і ўночы...
Бэза-ліловымі ўранку —
у час развітання з каханым на ганку.
Сіне-чарнічнымі ўпоўдзень —
свяціўся загадкамі-чарамі позірк.
І неба-зорнымі ўвечар —
чакалі з каханым жаданай сустрэчы.
А ўночы —
палалі таемна-зарнічна вочы...
Кажуць, што мачыха-ведзьма
падчарыцу пакарала —
і ў кветкі
Анюціны вочы зачаравала.
Можа, і праўда:
гляньце аднойчы
на кветкі-браткі —
Анюціны вочы —
уранку,
упоўдзень,
увечар
і ўночы...