Афганістан-79...
Чарнобыль-86...
Грузія-87
Арменія-88...
???-...
* * *
Калі насоўвалася хмара навальнічная,
мая бабуля стогадовая
на падваконне ставіла
свянцоную вярбу,
на вербніцу насіла што ў царкву.
Малілася:
«Божа святы! Абыдзі перуном,
не закрані маланкаю хаты...
Вунь бачыш: унукі дрыжаць у куце —
баяцца зірнуць у акно...»
А калі падступала вада напрадвесні
з нёманскай поймы
да самага ганку,
мая бабуля
набірала ў прыгоршчы вады,
шаптала заклён:
«Адыдзі, адступі,
вадзічка-вада,
вунь чуеш:
кароўка ў хляве мычыць
і куры кудахчуць —
пачулі бяду...»
Якія словы замовы
яна гаварыла б,
калі б убачыла
воблака стронцыю?..
* * *
Споведзь Надзеі Іванаўны
Барсук з вёскі Астрагляды Бра-
гінскага раёна, з якой я ехаў
у адным аўтобусе.
...Былі Астрагляды.
300 хат — вёска.
Няма Астраглядаў...
Хоць хаты ў неба
пакутна глядзяць...
Хвядорын узмежак —
там піжма буяе:
падласку суседка
любіла прыпасваць.
Амелькаў падворак...
А студня нямая...
Не «закурлыча» над ёй «журавель»...
Куры Агаты —
дзве бурых чубаткі:
і як не злавілі іх? —
ходзяць па пляцы...
Кажуць, нядаўна лісу прыблуднаму
голаў прабілі...
Матка найсвентшая!
Продкі не зналі
гэткага дзіва...
Хай бы лепш тыгру
чэрап прабілі...
Гэта ж ён,
«тыгар»,—
страшны той год —
нам гора прынёс...
А гнёзды ў альшаніку
чапляў і галак
чорна-пустыя,
як знакі бяды.
Няма птушанятаў...
І школа пустая,
як тое гняздо...
А хай шчабятала б у ёй малышня.
Паверце:
вушы ад вусцішы глухнуць,
і сэрца,—
як ходзікі тахкаюць,
распятыя на голай сцяне...
Ой, айца, сына!..
* * *
Газетны фотаздымак:
з кабіны верталёта
журботны погляд
пажылой жанчыны
з-пад хусты кашміровае да броў.
А ўнізе Чаладзідзі —
паселішча між гор,
залітае вадой.
Плаваюць хаты, рэчы...
Побач — нечы тэлевізар
і дзіцячая лялька.
На сухім «пятачку» — парасё.
На касе-астраўку —
згорбленыя каровы.
Нядоеныя,
глядзяць на каўчэгі-хаты,
клічуць гаспадыню...
А яна —
вочы ад жаху па яблыку,
сухім кулачком падпёрты твар,—
у небе, як маці боская,
з розніцай той,
што на зямлі ўсясільная,
а ў небе —
бездапаможнае немаўля...
...Помню маці маю,
як развітвалася з каровай —
«Кветкай» сваёй:
адслужыла ёй праўдай і верай
12 гадкоў...
Зачынілася брама базы —
разлучыла «Кветку»
і гаспадыню.
З вачэй маці пакаціліся слёзы...
І калі села яна ў машыну,
доўга-доўга моўчкі азіралася
на браму...
...Журботны погляд жаночы,
з часоў Яраслаўны
не выказаць болю твайго...
* * *
Арменія — шматбальныя штуршкі
майго збалелага стыхіяй сэрца.
Пампеі век,
прапоўз ты праз вякі
у мой дваццаты, каб ізноў сустрэцца.
Праз тысячу гадоў лёс горада Ані —
сталіцы даўняй — напаткаў Спітак.
Завошта ж, Божа, разыграў спектакль
ты на зямлі
ў пекле і агні?
І сонца ў небе стала, як ікона,
людзей палохае яго злавесны лік...
Як мог ты,
высакосны год,
дракона
на развітанне выпусціць з зямлі?
Жывём — не ведаем, дзе праўда,
дзе спадман...
Якімі будзем, калі ноч міне?
На здымку вочы адкапанай Нураян,
яе дачушак —
як разгадка мне...
* * *
Ташкент...
Аэрапорт...
Я выпадковым госцем быў
вясны той азіяцкай...
Гарэлі ружы у руках
узбечак маладых.
А з самалёта па трапе,
быццам з воблака белага,
сыходзілі хлопцы.
Як купал неба —
сінія берэткі.
А на грудзях свяціліся,
як ружы,
ордэны, медалі.
З дзявочых рук прымалі хлопцы
кветкі.
І толькі адзін не мог
трымаць іх:
за яго сябры трымалі —
рук не было ў таго...
І раптам збоку
голас дзядзькі:
— Сын-ку!
Цябе сустрэць я
з Гомеля прыехаў...
І кінуўся ў абдымкі
да героя...
Нібыта сам дамоў
вярнуўся
з-пад Берліна
і сам сябе абняў...
* * *
Сядзім у хаце
ў палескай вёсцы
Быцень —
нябыт на шчасце абышоў:
прайшоў злавесны цэзій
бокам...
Глядзіць сын бацьку,
бацька — сыну ў вочы —
і слёзы на вачах...
Сустрэліся мужчыны...
Асколкі ў целе іх абодвух,
з той розніцай,
што ў бацькі — сорак год,
а ў сына —толькі-толькі...
— Васіль...—
прамовіў ціха бацька.
А здалося, што гэта слова —
боль і кліч Палесся —
нясецца праз воблакі да сонца,
якое набывае не колер дзьмухаўца,
а колер ружы колкай...
* * *
Надзвычайны раён...
Надзвычайная сітуацыя...
Я гляджу з Астраглядаў —
кропкі зямной.
Востры погляд мой —
Астрагляды.
Боль і вера мая —
Астрагляды.
З вамі свет да грудзей тулю,
як дзіця.
Мне балюча за ўсё:
за паводку,
за град,
за лавіну ў гарах.
Невыносна душы, калі чую,
чытаю,
што недзе і ў нас
спее
Пампея...
Разарвацца сэрца гатова на часткі
пры думцы,
што побач
з Пампеяй
можа ўзнікнуць
і Троя...
Век мой,
прашу цябе
з Астраглядаў:
Трою-Зямлю
не дапусці...
Амін!