Хата цёткі Волі —
былая драўляная школка,
дзе за партай сядзяць
мае восем гадоў...
Хата, поўная галасоў,
якіх ніколі ніхто не чуе,
акром Вашай адзіноты,
цётка Воля.
Гэта яна, адзінота,
вартуе нячутныя галасы:
«гістарычкі»,
якую забіла громам,
завуча,
што памёр ад «рака»,
фізрука,
што разбіўся на машыне,
і нашы яшчэ не зламаныя галасы,
нібы ў Раберціна Ларэці...