дрэвы праходзяць ля нас
не мы каля дрэў
халоднасць —
азёры зашклёныя лёдам
адчужанасць —
саркафаг неба
забіты цвікамі зорак
чыя гэта вопратка —
абалонка душы —
уся ў ваўчках-дзядах —
дзідах пад мікраскопам?
што вы нясеце?
глобус галавы
ці галаву-глобус?
сэрца наканечнікам пікі
пранізвае далячынь —
халоднасць
і адчужанасць
правіннасць —
калючы ядловец
залез у нутро
душу выварочвае...