Леаніду Галубовічу
Каліны белы цвет,
надзеяй — чырвань гронак...
Спяшалі думы ў свет,
як я ў тваё
Вароніна.
Народжаныя днём
і ў ночы навальнічныя,
яны былі агнём,
вадой былі
крынічнаю.
Адтуль былі яны,
дзе сам народ
абжыўся,
дзе дубу без сасны,
як полю —
жыць без жыта...
Дзе бацьку ў сне дасюль
канвойны будзіць вокрык,
хоць дома,
тут, за вокнамі,—
хор салаўёў, зязюль....
Дзе маці давідна —
той успамін,
як чэмер —
бяжыць,
бяжыць адна
дзяўчынкай з Калдычэва...