Дзікія качкі
па раннім лядку
ў лістападзе
ідуць...
Ім здаецца —
плывуць...
Няўклюдна лапкамі ззяблымі
адпіхваюць лёд,
пакаўзнуліся,
упалі,
як фігурысткі няўмелыя.
Хтосьці з вас падзівіўся,
нехта ільдзінкі шпурнуў
і кінуў смяшок...
ніхто не здагадаўся,
што гэта ж мы самі,
калі пазбавіць умоў,
у якіх прывычна
існуем...