«Дзукія — частка Літвы. Дзе
б я ні быў, аб чым ні пісаў —
заўсёды са мной Дзукія».
Альбінас Жукаўскас
Дзумкаюць
пчолы ў квеце чаромхі,
заблытаўся ў травах чмель.
Нямунас хваляю
дзынькае,
быццам ільдзінкай,
дзе мель.
У рэчкі славяна-балтыйскі
аўтарытэт.
Бачу: бульбу садзяць
суседкі —
Зося і Марытэ.
Дзэкае Зося па-беларуску,
дзэкае і Марытэ па-дзукску,
лёсам, зямлёю, світаннем
зраднёны
(памяць — падковы,
памяць — страмёны),
венаю крэўнаю —
Нямунас-Нёманам.