Гэта я
ці мой цень
між палёў?
Ахінула мяне сугалоссе
польных птахаў,
чмялёў
у святле залатога калосся.
Слова ў дзюбцы,
як роску,—
«Люблю!»
па сцяжынцы нясе перапёлка...
І здалёку
маці маю
пазнаю —
з поўным зелля прыполам.
Васілёк вунь на дыбачкі
стаў,
як хлапчук,—
дакрануцца б да неба!
Нібы колас,
мой дзень падрастаў
пасярод жытнёвай планеты.
І ці думаў я,
ці гадаў,
што прыйду,
як прыходзіць нявольнік,
і ўдыхаць буду волю
ўсіх траў,
што дарована
сонцам і полем...
І зазвоніць
даспелы авёс:
— Скуль ты,
ці не язычнік ты,
хлопча?
І душа
светлых поўная слёз:
боязь —
вось калыхнуцца
праз вочы...