Як птушцы шматгалосай,
Якой зайздросцяць совы,
У снежны край вясковы
Я шлю жанчыне глосу.
І хто мне напрарочыў
На схіле году, дня,
Што буду ў вёсцы я
Са знакам тайны — Ночавічы,
Што недзе ў Налібоччыне,
Дзе пушча, як філосаф,
Жанчыне з піжмы лёсам
Жадае дзень пры дні
Узлёту, вышыні,
Як птушцы шматгалосай.
Ляціш на крылах веры...
Было: яе забіць
Хацелі, разлюбіць
І выставіць за дзверы,
Як вучня. Дрэвы нервы
Напялі — і ні слова...
Павер у свет ружовы,
Хоць нават перад сном...
Будзь івалгай лясной,
Якой зайздросцяць совы.
Ах, зімы, вёсны, леты...
Ці ёсць той калаўрот,
Каб мог гады ў зварот
Пагнаць, як статак з лесу?
...Дзяўчынкаю-падлеткам
З аўсяным светлым бровам
Сцяжынкай чабаровай
Бяжыш па-над Сулой...
А побач шлях і мой —
У снежны край вясковы.
Гляджу: табе на плечы
Сняжынак лёг узор —
І можна аж да зор
Плыць шляхам белым — Млечны
Пакуль! Бывай! Да стрэчы
У пушчы ці ля плёсу...
Пачуцці, быццам восы,—
Не адагнаць нам іх...
Стань вечным гэты міг —
Я шлю жанчыне глосу.
Я шлю жанчыне глосу
У снежны край вясковы,
Якой зайздросцяць совы,
Як птушцы шматгалосай.
...Воўчкавічы, Фаніпаль, Бярэжа...