epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Імпартная маладосць

Ідуць красоўкі, куртка, джынсы,

і фірмы свеціцца ярлык.

Я разглядзець хачу дзяўчыну,

а бачу моды адзін крык.

 

«Ланком», і «Пупа», і «Палена»

сышліся на губах, як клін.

Я не ўцярпеў, спытаў: «Паненка,

з якіх заморскіх вы краін?»

 

І раптам чую: «Пойдзем, Тэдзік,

там «хэві метал» — не дурэй!

Адбацаем у дыскатэцы

з табой ультрамадэрны брэйк».

 

Так проста ўсё?

А я калісьці

прад юнай радасцю трымцеў,

нібыта той апошні лісцік,

што ад галінкі адляцеў.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан