Як з вены парэзанай кроў —
рачулка бруіцца...
Альшыны ў нахіле —
міласэрныя сёстры.
Строма...
І верхнікі-воі
зрынуцца зданямі ўніз —
і сеча пачнецца...
Зводдаль сосны і елкі —
Яраслаўны ў адчаі...
Тысячагоддзе і мы...
Што стала з часам?
Трава на марозе
ці мароз на траве?
Снегу-бінту няма,
каб перавязаць рачулцы рану...
Бугры кратовыя на лужку,
як струпы.
Стронга з рачулкі-вены
вырвацца хоча...
Толькі куды?
Можа, адзіны ратунак
гэтая вена — рачулка
тут, каля Ракава?..
Строма, стронга і стронцый...