Пасадзіў яе ў садзе на тым месцы,
дзе карнікі спалілі хату разам з жонкай Марыяй — 26 гадоў;
сынам Міхаськам — 4 гады; дачушкай Вольгай — 2 годзікі; сынам Янкам — 4 месяцы. Назваў яблыню Марыяй...
З расказу М. С. Ясючэні, былога партызана, жыхара вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна
— Як жывеш ты,
яблыня Марыя? —
Кожны дзень пытаю на двары я.
З хаты выйду... Да яе іду,
а пасля — па дровы, па ваду.
Хата новая — даўно старая.
Яблыня Марыя — маладая:
стройны стан — сярэбраны зімою,
рукі-голле — ў белені вясною...
Побач тры атожылкі-праменьчыкі:
большы,
серадольшы,
самы меншы.
Падыду — у роспачы спынюся
і ад прыгажосці — здрыгануся.
Чуў: шаптала яблыня —
«Люб-лю...»
Браў адчай, падносіў мне пятлю...
Ды ў імгненне яблыня ўставала —
жыць і помніць вечна загадала.
Хто ж тых злыдняў —
з пекла а ці раю?—
памяццю пякельнай пакарае?
Хто,
як я,
пакажа ўсяму свету
сэрца, што абвуглена,
пад цветам
і раскажа пра маю бяду?..
Ціха з саду ў хату я іду
і слязу — гаручую —
на распал нясу:
дровы
удаўцовы
не гараць —
сырыя...
Дзякуй за слязу,
яблыня Марыя!