Ой, полным-полна коробушка —
Есть и ситец и парча...
Распрямись ты, рожь высокая,—
Тайну свято сохрани...
М. Някрасаў. «Карабейнікі»
Карабіха
і карабейнікі —
корань адзін,
назоўнікі,
дзейнікі...
Толькі назоўнікі?
Дзейнікі дзе?
Не, я не згодзен
з табою,
музей...
Не экспанаты...
Паглянь: карабейнікі
выйшлі на вуліцу —
краю вясельнікі.
Вунь і да Волгі,
да кірмаша
проста кіруе,
шчыруе душа.
— Чым ты гандлюеш,
сінь у вачах?
— Вецер — паркаль,
а неба — парча...
Хочаш — бяры,
напавер аддаю,
ведай душэўную
шчодрасць маю.
Сонца — тваё,
у праменнях — вада.
Толькі ніколі
я не прадам
песню,
якая
тайну хавае,
тайну,
што мне
аднаму давярае...
...Тут, на зямлі,
не жывуць безнадзейнікі
з сэрца у сэрца
ідуць карабейнікі.