Круг пачаты...
Босая сініца
да партрэта студзеня штрыхі
піша на сняжку каля крыніцы...
Неба — як настылы малахіт...
Як чароўная фея,
ходзіць завея.
Побач з ёй люты,
модна абуты...
Лядку гусіныя лапкі
на тратуары.
А ў лесе
здымаюць снежныя шапкі
сосны прад цнотай пралесак.
Цячэ, цурчыць дармовая
амброзія вясновая —
бярозавік,
кляновік...
Зялёны — я,
і белы — я:
мяне паўторыш,
чалавек...
Вунь ты — зялёнае дзіця,
качаешся ў траве...
А вось ты — белы,
нібы лунь...
Пражыў, як месяц,
век...
Завязь вішань —
завязь лета,
як жыцця самога завязь...
Салавей зайшоўся ў лесе
вераб’ям усім на зайздрасць...
Як буяла, цвіло і кіпела,
стракацела ў лугах і гаях!
Дзе душа сама,
а дзе цела? —
не адрозніць было аніяк...
Жыць — сеяць,
а не жаць:
запомніце, як запаведзь, сябры...
Саломы копы вунь ляжаць,
як эпілог сяўбы...
Пакасілі атаву вятры,
каля верасу селі пагрэцца.
Павуцінка лёсу ўгары —
гэтак лёгка яна часам рвецца...
Дым кастрычны,
ты родам адтуль —
цягнеш хвост з пастушковага рання...
І ў сівых валасах матуль
асядаеш,
канчаешся раптам...
Санату жоўтую лістоты
іграе на галінах вецер-гун...
Мелодыю сарве ён потым
і адляціць,
не зачапіўшы струн...
Прынёс ён палатна сувой,
чысцюткага,
як срэбра.
Раскочвае...
Зямлі сваёй
ён рад абнове зрэбнай...