Куды ўцяклі вы,
нашы дні? —
на ўсіх вятрах стаю, пытаю...
І толькі чую:
«Вас кахаю...»
Два словы —
промні ў цішыні —
гараць не ў часе, не ў прасторы,
а спапяляюць сэрца мне.
Вас лёс занёс пад сонца ў горы,
мяне — сюды,
на белы снег.
Так і стаім, і толькі ветру
мы давяраем голас свой.
На столькі тысяч кіламетраў
душа —
напятаю струной...
Куды ўцяклі вы,
нашы дні? —
на ўсіх вятрах стаю, пытаю...
І толькі чую:
«Вас кахаю...»
Два словы —
промні ў цішыні...