Маладзік... Яшчэ не ветах...
Поўня выплыве над светам.
Квадры Месяца — як тайна,
як спатканні і расстанні...
Я жыву ў адвечных квадрах,
падуладны толькі ім.
Ходзіш, Месяцава варта,
па-над лёсам ты маім.
Маладзік... Яшчэ не ветах...
Лёс, мяне не абдзялі...
Дай адчуць мне болі веку,
дай спазнаць мне праўду веку
на маёй святой зямлі.